RFE/RL |
Аўторак, 2 Cтудзеня 2001 |
Сёньня |
Зь першага студзеня пачаў дзейнічаць візавы рэжым паміж Беларусьсю ды Славаччынай. Аднаразовая віза каштуе 27 даляраў. Але беларускія грамадзяне яшчэ не атрымлівалі славацкіх візаў у новым годзе, бо амбасада гэтай краіны пачне працаваць толькі 3 студзеня. З новага году для ўезду ў Славаччыну грамадзянам Беларусі патрэбная
віза. Але ўвесь студзень будуць дзейнічаць пераходныя правілы. Тыя, хто
прыехаў у Славаччыну яшчэ ў сьнежні, змогуць выехаць адтуль бязь візаў
– калі яны былі на славацкай тэрыторыі менш за 30 сутак. А калі больш,
ды мусяць атрымаць выязную візу.
Што да звычайных выпадкаў, дык аднаразовая віза -- і ўязная, і транзытная
– каштуе для беларускіх грамадзянаў 27 даляраў.
(Ланік: ) «Яны мяняюцца для ўсіх замежных грамадзянаў, якія просяць славацкую візу ва ўсім сьвеце». Славацкі консул дадаў, што дакумэнты ад беларускіх грамадзянаў будуць прымацца толькі тры разы на тыдзень. Калі будуць вялікія чэргі, тады колькасьць прыёмных дзён павялічыцца, але пакуль гэтага хапае, лічыць Міхал Ланік. (Ланік: ) «Стараемся рабіць, што можам. Зараз тэрмін – пяць працоўных дзён». Дарэчы, консульскі аддзел, як і ўся амбасада Славаччыны ў Беларусі, месьціцца цяпер не ў гатэлі "Арбіта", а на вуліцы Валадарскага, 6, каля знакамітай турмы, у былых памяшканьнях кансуляту Ўкраіны. Нагадаю, што чэская віза нядаўна патаньнела ды абыходзіцца беларусам у 10 даляраў. Ці плянуе Братыслава паменшыць кошт сваіх 27-даляровых візаў у будучыні? Вось што сказаў на гэты конт спадар Ланік: (Ланік: ) «У будучым, напэўна, нейкая зьніжэньне плянуецца, але гэта залежыць ад наступных перамоваў паміж МЗС Славаччыны і Беларусі». Як паведаміла афіцыйная славацкая агенцыя навінаў ТАСР, аднаразовыя беларускія візы для славакаў каштуюць 20 даляраў, а шматразовыя – 60 даляраў. Усьлед за Чэхіяй ды Славаччынай візавы рэжым для грамадзянаў Беларусі плянуюць увесьці зь 1 траўня – Вугоршчына, а ў другой палове 2001 году – Польшча. Юры Сьвірко, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |