RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 2 Студзеня 2001

Сёньня:



У Беларусі працягваецца агульнанацыянальны страйк гандляроў рэчавых рынкаў. Прадпрымальнікі пратэстуюць супраць эканамічнае палітыкі ўладаў у сфэры дробнага бізнэсу.

Распачатая 1 студзеня акцыя пратэсту будзе, хутчэй за ўсё, масавай. Вось што паведаміў нашаму радыё каардынатар акцыі Леанід Каліценя:

”У большасьці гарадоў страйк пачаўся. Сёньня, напрыклад, не выходзілі на працу прадпрымальнікі Барысава, Слуцку, Салігорску, іншых рэгіёнаў. Адным словам, пакуль што падзеі разгортваюцца, як і плянавалася. Па Менску мінірынкі не працуюць: “Ждановічы” не працуе, на “Дынама” працавала 20 палатак з 2 тысяч”. Са словаў Леаніда Каліцені, арганізатары акцыі пакуль ня маюць дакладных зьвестак наконт колькасьці ейных удзельнікаў па ўсёй краіне.

Што тычыцца прагнозу, дык удзел у агульнанацыянальным страйку будзе браць ня менш як палова ўсіх гандляроў Беларусі. Рэч у тым, што не ва ўсіх гарадох краіны створаныя на сёньняшні дзень прафсаюзныя суполкі прыватных прадпрымальнікаў. Там, дзе гэтых суполак няма, паводзіны гандляроў будуць залежаць ад іхнай інфармаванасьці ды ўзаемадачыненьняў зь мясцовымі ўладамі, кажуць сябры Страйкавага камітэту.

Зрэшты, менавіта ў правінцыі найбольш востра выглядаюць дачыненьні паміж уладамі і прадпрымальнікамі. Гаворыць сябра Страйкаму і адначасова лідэр Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў Дзяржынску Валеры Сіманаў:

"У нас ёсьць ужо пратаколы і пастановы на ўплату штрафаў — за парушэньне новага мытнага заканадаўства. Увядзеньне адзінага падатку таксама будзе мець для нас цяжкія наступствы. Вось чаму на сходзе нашы прадпрымальнікі вырашылі падтрымаць агульнанацыянальны страйк. Да 15 студзеня падаткі ня будзем выплочваць. 15-га зноў зьбіраемся на рынку, знаёмімся са становішчам па краіне і прымаем рашэньне: страйкуем далей ці выходзім на працу”.

Як і на стадыі падрыхтоўкі страйку, прадпрымальнікі краіны дагэтуль не прыйшлі да згоды наконт працягласьці акцыі. Напрыклад, сталічныя гандляры не плянуюць страйкаваць больш за 5 дзён. А вось прыватныя прадпрымальнікі рэгіёнаў падзяліліся. У адных гарадох прадстаўнікі дробнага бізнэсу таксама зьбіраюцца скончыць пратэст 5-дзённым тэрмінам, у іншых акцыя абвешчана больш працяглаю — ад двух тыдняў да месяца.

Міхал Стэльмак, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org