RFE/RL |
Аўторак, 2 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
Прадпрымальнікі Гомелю распачалі 12-дзённы страйк у абарону сваіх правоў. Акурат сёньня ноччу ў Гомелі выпаў сьнег і прыцерушыў гандлёвыя рады на Цэнтральным рынку. Белае покрыва ўзмацніла ўражаньне пустэчы. На больш як дзьвюх тысячах гандлёвых месцаў — ані чалавека. І толькі ў першым сэктары, дзе звычайна прадаюць прадукты, некалькі жанчын прапаноўвалі месьцічам цыгарэты, мандарыны, семкі сланечніка. Пэнсіянэрка, якая назвалася Нінай Рыгораўнай, выклала на прылавак дрожджы, перац у пакеціках, іншую прыправу. Што вымусіла яе прыйсьці на амаль што пусты рынак? "Прыйшла, бо я сіротаў даглядаю. Дачка ў мяне памерла, двох дзяцей пакінула. Цяжка жыць. Можа, хоць на хлеб зараблю", — кажа Ніна Рыгораўна. Жанчына — не прадпрымальніца, звычайная беларуская пэнсіянэрка, якая вымушаная дробным гандлем крыху папраўляць сваё матэрыяльнае становішча. У крытым рынку таксама чалавек 10-15 на 900 гандлёвых месцах. Гэта — так званыя "рэалізатары" альбо тыя, хто вырошчваюць гародніну на прысядзібных участках і зараз хочуць атрымаць нейкую капейку. Да страйку яны ставяцца з паразуменьнем. А ня ўдзельнічаюць у ім бо, кажуць, праблемы прадпрымальнікаў іх мала датычаць. Адміністрацыя рынку сёньня таксама пачувалася вальготна. Асаблівых клопатаў не было. Мусіць, таму намесьнік дырэктара Мікалай Макараў ды некаторыя іншыя супрацоўнікі адміністрацыі спакойна пілі піва ў гандлёва-закупачным аддзеле. Зрэшты, ня толькі прадпрымальнікі Гомеля не выйшлі сёньня на працу. Агульнанацыянальную акцыю падтрымала большасьць дробных гандляроў Рэчыцы, Мазыра, Сьветлагорску. У Рагачове, паводле рашэньня нядаўна створанага аб'яднаньня, прадпрымальнікі наважыліся не працаваць ажно да 14 студзеня — нават на два дні болей, чым у абласным цэнтры. Пацікавіўся ў кіраўніка аб'яднаньня прадпрымальнікаў Мікалая Ціхінскага, як ставяцца да іх рашэньня мясцовыя ўлады: "Робяць выгляд, што ўсё нармалёва. Мясцовая газэта нічога не друкуе пра страйк. Ні цяпер, ні раней, хаця газэтчыкаў мы запрашалі. Усюды — цішыня. Таму рыхтуем выпуск сваёй газэты, дакладней — інфармацыйнага бюлетэня", — сказаў старшыня рагачоўскага аб'яднаньня прадпрымальнікаў спадар Ціхінскі. Казімер Яноўскі, Гомель
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |