RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 2 Cтудзеня 2001

Сёньня



Незадоўга да заканчэньня свайго тэрміну, прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан спрабуе вывесьці з тупіку блізкаўсходні мірны працэс. Учора ён правёў тэлефонныя гутаркі зь лідэрамі Ізраіля і палестынцаў, а сёньня Клінтан сустракаецца ў Вашынгтоне з Ясірам Арафатам. Аднак, насуперак аптымістычным заявам, ніводзін з трох бакоў не разьлічвае на тое, што апошнія амэрыканскія прапановы прывядуць да хуткай разьвязкі крызісу на Блізкім Усходзе.

Сутнасьць амэрыканскай прапановы палягае найперш у тэрытарыяльных саступках палестынцам. Будучая палестынская дзяржава атрымала б кантроль над усходняй часткай Ерузаліму ўключна з мячэтам Аль-Агса на т. зв. Храмавым пагорку, які адначасова зьяўляецца сьвятым месцам для габрэяў. Палестынцы агулам атрымалі б 95 адсоткаў тэрыторыі заходняга берагу Ярдану і поўнасьцю сэктар Газа, захопленыя Ізраілем пад час вайны 67 году. У замен палестынцы пагадзіліся б прызнаць этнічны статус кво: гэта значыць, што на палестынскіх тэрыторыях засталіся б габрэйскія пасяленьні, а 3,7 тысячаў палестынскіх уцекачоў мусілі б адмовіцца ад вяртаньня ў свае дамы.

Улады палестынскай аўтаноміі афіцыйна і канчаткова ня выказаліся наконт прапановы Клінтана, хаця і пагадзіліся прыехаць ў Вашынгтон. “Гэта будзе вырашальны візыт, які акрэсьліць будучыню мірнага працэсу,” – заявіў прадстаўнік Арафата Абурэдэнэх, хаця сустрэча палестынскага лідэра з Клінтанам разьлічаная ўсяго толькі на абмеркаваньне амэрыканскай прапановы. Ізраіль, з свайго боку, адмовіўся ад прыезду ў Вашынгтон, але ўхваліў прапановы Клінтана ў якасьці “ падставы для далейшых перамоваў” пры ўмове, што тое ж самае зробіць палестынскі бок.

Скептыцызм адносна вынікаў апошняй амэрыканскай ініцыятывы ўзмацняе разьвіцьцё падзеяў на Блізкім Усходзе. Напярэдадні свайго візыту ў Вашынгтон Ясір Арафат заявіў, што “ ягоны народ поўны рашучасьці працягваць“ барацьбу і супрацьстаяньне ізраільскай агрэсіі”. З свайго боку, выступаючы перад прызыўнікамі, прэм’ер Ізраіля Барак ня выключыў і такой магчымасьці, што ў бліжэйшы час ня будзе ніякага пагадненьня з палестынцамі. У такой сытуацыі “ізраільская армія будзе вымушаная дзейнічаць супраць тых,
хто адказны за гвалт,” – паведаміў Барак.

Мінулай нядзеляй у габрэйскім пасяленьні Офра на заходнім беразе Ярдану палестынцы забілі Бэньяміна Зіф Каганэ і ягоную жонку Талью. Ён быў сынам вядомага габрэйскага экстрэміста, рабіна Мэіра Каганэ, забітага ў 90 годзе ў Нью Ёрку, і ўзначальваў экстрэмісцкую расісцкую арганізацыю “Каганэ жыве”, якую сем гадоў таму ізраільскія ўлады забаранілі. Таксама ў нядзелю загінуў генэральны сакратар руху Аль-Фатах – Сабэт. У панядзелак, пад час пахаваньня Сабэта, тысячы палестынцаў дамагаліся помсты за ягоную сьмерць. Таго ж дня, дакладна ў 36-ю гадавіну заснаваньня Аль-Фатах, магутны выбух скалануў мястэчка Нэтанья ў цэнтры Ізраіля. У выніку тэракту былі параненыя больш за 40 чалавек. “ Гэта вельмі сурьёзная атака. Мы ня можам зьмірыцца з сытуацыяй, калі не бывае дня без атакі. За ўсё гэтае поўнасьцю адказны адзін чалавек- Ясір Арафат,” – заявіў намесьнік прэм’ера Ізраіля Бэн Эліязар. “Наш адказ будзе рашучы і неадкладны,” – дадаў ён. Сілы бясьпекі Ізраіля былі прыведзеныя ў стан найвышэйшай гатовасьці. Неадкладна былі заблякаваныя акупаваныя тэрыторыі ўлучна зь міжнародным лётнішчам у Газе, а таксама поўнасьцю забаронены ўезд палестынцаў ў Ізраіль.

Дагэтуль у канфлікце загінулі як мінімум 298 палестынцаў, 13 ізраільскіх арабаў і 43 ізраільцяніна. Мяркуючы па радыкалізацыі настрояў з абодвух бакоў, гэта не апошнія ахвяры.

Кастусь Бандарук, Прага


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org