RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 2 Студзеня 2001

Сёньня:



Скарбонка сучаснага беларускага фальклёру пабагацела яшчэ на адзін народны літаратурны твор — у Менску напярэдадні ХХ-га стагодзьдзя зьявілася навагодняя казка для дзяцей і дарослых.

Новая казка названая разгорнута — згодна зь векавечнай фальклёрнай завядзёнкай. Ды без усялякага нават намёку на падтэкст, а шчыра ідучы насустрач простаму народнаму жаданьню адразу ж ведаць, пра што казка кажацца. Не хаваючы інтрыгі за новыя вобразы, аўтары пайшлі добра пратораным шляхам народных творцаў ды ўзялі ў свае героі найпапулярнейшага пэрсанажа беларускага казачнага эпасу — Зьмея, са злоснай сілай якога змагаюцца народныя волаты. Cтарая назва на новы лад загучала так: "Пра Зьмея Луку, пра Чыстую Руку і пра мех панцаку".

Зьмей як зьмей. Што зь яго возьмеш, калі так яму наканавана — краіну занявольваць, народ прыгнятаць ды хітрыкамі і гвалтам змушаць той народ сябе за гэта яшчэ і любіць. Тут Зьмей Лука анічым ня розьніцца ад гэткіх самых казачных герояў — Зьмея Гарыніча, Трохгаловага Зьмея, Шасьцігаловага ды Дзевяцігаловага — ягоных братоў. Зразумела, былі ў Зьмея і памагатыя, бо як жа бязь іх заваладарыш цэлаю краінаю. Але былі ў той краіне і заступнікі народныя — Удовіныя Сыны. Адзін зь іх зваўся Сьняданка альбо Чыстая Рука. Ён і пачаў той народ рахманы да бою са Зьмеем заклікаць, войска шматлікае зьбіраць, хаўрусьнікаў зьядноўваць. Тым часам панцаку — галоўнай ежы народнае — у сьвірнах станавілася ўсё меней і меней, а як зусім каша тая посная скончылася, то і сабакі Зьмеевы разьбегліся, і памаганцы ў далёкія краіны паразьехаліся. Даведаўся Зьмей пра такое — і сам адляцеў на вінталёце на далёкі цёплы востраў, дзе бананы заместа панцаку ядуць.

Застаўся народ без валадара, пачаў крычэць-гаманіць, каго на пасад клікаць. Раіліся-спрачаліся ды ўрэшце вырашылі талакою кіраваць. Парлямэнцкаю рэспублікаю назваліся. Так і жывуць цяпер, дзетак плодзячы, паціху мяса нагульваючы.

Увесь гэты happy end бачыў, у людзей падслухаў, у кніжках-газэтках прачытаў ды сёе-тое сам навыдумляў ды вам распавёў нейкі дзядзька з Ратнеяў, што Кручком празываецца. А карцінкі пра ўсё тое намаляваў ды ў кніжачцы зграбнай зьмясьціў невядомы мастак народны Карпей Дасьціпнік. Карцінкі прыгожыя, папера добрая, сама казка цудоўная, як навагодні сон, што ў прарочую шчодракуцьцёвую ноч сасьніўся. Мо сон і ў руку будзе — усё ж раз на тысячу гадоў сасьніўся.

Кніжачку з казкаю тою ў пераднавагодні вечар у дзядзькі на Камароўцы на мех панцаку выменяла, цалюткі ўчорашні дзень чытала, а сёньня вам распавяла

Валянціна Аксак, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org