RFE/RL |
Чацьвер, 1 Лютага 2001 |
Сёньня: |
Ізноў спынілі працу больш за 200 прыватных гандляроў Салігорску. Яны абвясьцілі бестэрміновы страйк. Сёньня жыхары Салігорску, завітаўшы раніцай на рэчавы рынак "Старавакзальны", былі расчараваныя — гандлю не было. Прадстаўнікі салігорскага Незалежнага прафсаюзу прадпрымальнікаў тлумачылі людзям, чаму гандляры распачалі страйк — прыватных гандляроў кіраўніцтва краіны літаральна вынішчае як клясу. Старшыня прафсаюзу спадар Цацура аргумэнтаваў страйк тым, што не зважаючы на агульнабеларускі страйк прадпрымальнікаў у студзені, дагэтуль не скасавалі пастановы Дзяржаўнага мытнага камітэту № 55 пра новы парадак мытнага афармленьня тавараў трэціх краінаў, якія камэрсанты ўвозяць з Расеі. Не спынілі бясконцых праверак прадпрымальнікаў і мясцовыя кантрольна-рэвізійныя органы. Гандляры па-ранейшаму плоцяць неабгрунтаваныя штрафы. Прычынай страйку называлі й тое, што гарадзкія ўлады цягам апошняга году павялічылі арэндную плату за адно гандлёвае месца больш чым на 520%. Страйк салігорскіх прадпрымальнікаў, паводле словаў іхнага лідэра, — бестэрміновы. Доўжыцца будзе, пакуль гэтых праблемаў ня вырашыць урад і тутэйшая "вэртыкаль". Сёньня ж выканаўчае бюро Незалежнага прафсаюзу прадпрымальнікаў Салігорску накіравала свае патрабаваньні ў дзяржаўныя ўстановы і ў адміністрацыю Лукашэнкі. Алесь Мікалайчанка, Салігорск |
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |