RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 1 Лютага 2001

Сёньня:



(эфір 31 студзеня)
Да абвінавачваных ў абразе гонару й годнасьці Лукашэнкі з прычыны палітычнай акцыі ў Барысаве далучылі таксама й актывістаў Маладой Грамады, непаўнагадовых братоў Зьмітра й Міхася Кузьняцовых.

Сёньня пра гэта паведаміў сьледчы Барысаўскай гарпракуратуры Сяргей Пашкевіч. Ён сказаў, што Зьміцер і Міхась Кузьняцовы, як і іншыя ўдзельнікі нядаўняга пікету-пэрформансу — сацыял-дэмакраты Аляксандар Абрамовіч, Алесь Ясюк і Надзея Грачуха — зрабіліся аб'ектамі крымінальнай справы не выпадкова.

Нагадаем, 16 студзеня Зьміцер на Цэнтральнай плошчы Барысава трымаў плякат з патрабаваньнем псыхіятрычнага абсьледаваньня Лукашэнкі. Міхась жа трымаў плякат "Бывайце здаровыя, Аляксандар Рыгоравіч!"

Сяргей Пашкевіч зазначыў, што на пачатку дазнаньня юнакі давалі яму паказаньні толькі як сьведкі. Які ж будзе судовы вырак братам Кузьняцовым, калі справа дойдзе да суду?

С.Пашкевіч кажа, што 14-гадовы Міхась замалы, і пакараны ня будзе. А 16-гадоваму Зьмітру, які ўжо можа адказваць юрыдычна за свае дзеяньні, могуць даць 2 гады папраўчых работ з утрыманьнем ва ўстанове для няпоўнагадовых ці буйны грашовы штраф.

Між іншым, 13 лютага адбудзецца паседжаньне Камісіі па справах няпоўнагадовых Барысаўскага гараддзелу адукацыі, там разгледзяць і паводзіны братоў Кузьняцовых. Па разглядзе могуць даць буйны штраф бацькам Зьмітра й Міхася. Рэч у тым, што леташнім лістападам Камісія ўжо разьбіралася з удзелам братоў у несанкцыянаванай моладзевай акцыі "Пераменаў!"

Такім чынам, Зьмітру пагражае падвойнае пакараньне за адзін учынак. Гаворыць лідэр філіі БСДП "Народная Грамада" Аляксандар Абрамовіч:

(Абрамовіч: ) "Юрыдычная валтузьня вакол непаўнагадовых братоў Кузьняцовых лішні раз паказвае, што беларускае права робіцца ўсё больш жорсткім. Асабліва калі заходзіць пра палітычнае волевыяўленьне грамадзянаў. Пакараньне ў такіх справах атрымліваюць нават дзеці й падлеткі".

Алесь Мікалайчанка, Барысаў


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org