RFE/RL |
Чацьвер, 1 Лютага 2001 |
Сёньня: |
Масавыя звальненьні апошняга часу не адпавядаюць маштабам рэструктурызацыі эканомікі, кажуць спэцыялісты ў сфэры аховы працы. Калі гэтак будзе цягнуцца, штогод у краіне будзе зьяўляцца каля 10 000 "лішніх людзей". Колькасьць беспрацоўных, афіцыйна зарэгістраваных у дзяржаўнай службе занятасьці насельніцтва, зараз складае каля 2% ад працаздольнага насельніцтва — г.зн., прыблізна 100 000 чалавек. У аддзеле працаўладкаваньня гэтага ведамства лічаць, што гэта зусім няшмат, і лічба такая адлюстроўвае рэальны стан эканамічнага разьвіцьця краіны. (Сакалова: ) "Беспрацоўе павінна быць, бо мы кажам пра рынкавыя дачыненьні. Наяўнасьць свабоднай сілы на рынку працы — гэта першачарговы атрыбут рынкавых дачыненьняў. Будзе разьвівацца эканоміка, будуць структурныя зрухі, зьявіцца неабходнасьць у дадатковых руках. Так што беспрацоўе — гэта нармальна. Ды й дзяржава робіць усё, каб трымаць яе ў разумных межах", — лічыць экспэрт службы занятасьці насельніцтва Алена Сакалова. Яна дадала, што масавых ды прымусовых звальненьняў у Беларусі не было і наўрад ці будуць. Але факты сьведчаць пра іншае. Тыдзень таму ў Горадні раптам апынуліся на вуліцы 370 працаўнікоў беларуска-галяндзкага СП "Альформа". У Гомелі ў выніку скарачэньняў структуры чыгункі бяз працы застануцца ледзь не 1 500 чалавек. Аптымізму дзяржаўнага чыноўніка не падзяляюць найперш незалежныя прафсаюзы. Разам з шэрагам аналітыкаў кіраўнікі галіновых прафсаюзаў неаднойчы сьцьвярджалі, што 100 000 афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных — лічба значна заніжаная. Дзясяткі тысячаў працоўных дзяржаўнага сэктару некалькі гадоў запар знаходзяцца ў стане так званага "пасыўнага беспрацоўя", калі на працу ходзяць дзеля таго, каб толькі адзначыцца ў працоўным лісьце. Цяперашнія хваляваньні рабочых на МТЗ — вынік якраз такога існаваньня ў эканамічнай коме. Таксама ёсьць меркаваньне, што згортваньне эканамічнай актыўнасьці ды пераарыентацыя кантактаў выключна на Расею адмоўна адаб'юцца на агульнай занятасьці насельніцтва. Расейскія заводы самі загружаныя ня цалкам, і ня ў іхных інтарэсах разьмяшчаць заказы ў Беларусі. Эканамічна больш моцная Расея — зусім ня роўны канкурэнт Беларусі, і ўсялякае супрацоўніцтва можа быць толькі на карысьць Расеі. Няма падставаў чакаць нейкага прарыву на міжнародны рынак, таму пытаньне арганізацыі новых вытворчасьцяў нават не паўстае. Колькасьць альтэрнатыўных дзяржаўнай вытворчасьцяў, у прыватнасьці, з прыцягненьнем замежнага капіталу значна скарацілася. Таму звальненьні апошняга часу, найбольшыя зь якіх былі ў Горадні і ў Гомелі, на думку незалежных эканамістаў, толькі пацьвярджаюць, што цяперашнія ўлады за сем гадоў так і не акрэсьліліся з эканамічнай палітыкай. Ігар Карней, Менск |
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |