RFE/RL |
Чацьвер, 1 Лютага 2001 |
Сёньня: |
Вялікі сьпіс прапановаў па зьмене часткі Выбарчага кодэксу, якая вызначае правядзеньне выбараў на прэзыдэнта, зацьвердзілі на паседжаньні Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў. Праз КНГ АБСЭ ў Беларусі зьмены і дапаўненьні да Выбарчага кодэксу перададуць афіцыйным уладам. Цяперашні Выбарчы кодэкс не дае магчымасьці прызнаць прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі дэмакратычнымі й справядлівымі. Экспэрты Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў прапануюць яго значна зьмяніць ці ня ў кожным разьдзеле. Заўвагі зробленыя на падставе досьведу апошніх выбараў у так званую Палату прадстаўнікоў. Прыкладам, на парлямэнцкіх выбарах пры падліку галасоў не паказвалі ўсім сябрам камісіі выкарыстаных бюлетэняў; не абвяшчалі гучна прозьвішча кандыдата, за якога галасаваў канкрэтны выбаршчык. Гэта стварала ўмовы для злоўжываньняў. Я спытаўся ў сп. Пліскі, які выступаў сёньня ад імя экспэртаў, чым апошні варыянт прапановаў розьніцца ад папярэдніх? (Пліска: ) "Мы абмеркавалі ды вырашылі ўнесьці два істотных моманты. Гэта парадак вырабу і захаваньня бюлетэняў, ён зараз не на ўзроўні. І другое — судовае абскарджваньне вынікаў галасаваньня: і на выбарчым участку, і ў раёне, і ў горадзе, і цалкам у краіне. Гэтыя зьмены патрэбныя, каб папярэдзіць магчымыя фальсыфікацыі з выбарчымі бюлетэнямі ды махінацыі ўсялякія. Што да судовага абскарджваньня — гэта каб адказныя за парушэньне выбарчага заканадаўства мелі адпаведнае пакараньне", — паведаміў Міхаіл Пліска, экспэрт у галіне заканадаўства Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў. Удзельнікі сёньняшняга паседжаньня папрасілі кіраўніка КНГ АБСЭ ў Беларусі Ганса-Георга Віка перадаць прапановы ўраду, каб абмеркаваць іх у межах кансультацыяў. Амбасадар Вік абяцаўся зрабіць гэта 6 лютага, пад час заплянаванай сустрэчы зь міністрам замежных справаў Беларусі Міхаілам Хвастовым. Здавалася б, да прэзыдэнцкіх выбараў яшчэ шмат часу, напраўду палітычнай апазыцыі трэба сьпяшацца. Гаворыць удзельнік сёньняшняй сустрэчы Ўладзімер Нісьцюк. (Нісьцюк: ) "Найцікавей тое, што Канстытуцыя, якой кіруецца сёньня ўлада, прадугледжвае адно дзьве сэсіі паседжаньняў Палаты — увесну і ўвосень. А паміж імі будзе такі час, калі чакаецца абвяшчэньне выбараў на прэзыдэнта. Каб гэта адбылося за 5 месяцаў да завяршэньня паўнамоцтваў прэзыдэнта, мусіць быць у канцы чэрвеня абвешчана. Але гэтым часам Палата будзе адпачываць, таму ёй давядзецца абвесьціць пра выбары раней. Калі зараз мы не падрыхтуем сваіх прапановаў, не націсьнем на яе, каб зьмены такія прынялі, яны потым скажуць: а ў нас няма часу". Паводле інфармацыі сп.Віка, Герэ Вайскірхен зь Нямеччыны і Ўрбан Алін са Швэцыі — сябры Рабочай групы ў справах Беларусі, якую ўзначальвае Адрыян Сэвэрын, наведаюць Менск 18 і 19 лютага. Уладзімер Глод, Менск |
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |