RFE/RL |
Пятніца, 29 Верасьня 2000 |
Сёньня |
Зь 1 кастрычніка памер мінімальнага заробку ў Беларусі павялічыцца на 40%. Цяпер яна будзе складаць 3 тысячы 600 рублёў. Камэнтуючы для нашага радыё гэтае рашэньне беларускага ўраду, эканамічныя экспэрты называюць падвышэньне “мінімалкі” перадвыбарчым захадам, які да тога ж прывядзе да чарговага росту інфляцыі. Урад Беларусі прыняў рашэньне пра павелічэньне мінімальнае заробкавае платы. Зь 1 кастрычніка яна ўзрасьце на 1 тысячу рублёў. Таксама будзе павялічаная тарыфная стаўка першага разраду — яна складзе 7 тысячаў 200 рублёў. На думку доктара эканамічных навук Барыса Жалібы, беларускаму ўраду варта было б не на 40%, а ўдвая павялічыць і заробкі, і пэнсіі. Гаворыць Барыс Жаліба. (Жаліба: ) “Чарговае падвышэньне мінімальнага заробку, што адбудзецца з 1 кастрычніка, нікога ня ўзрадуе. Гэта, у лепшым разе, кампэнсацыя інфляцыі, якая, напрыклад, за першае паўгодзьдзе склала 54 працэнты і будзе ніяк ня менш у другім паўгодзьдзі. Паводле словаў міністра эканомікі Шымава, штомесячны рост цэнаў да канца году чакаецца ад 6,5 да 7 працэнтаў, а падвышэньне заробкаў і пэнсіяў, паводле нашых падлікаў, будзе ў сярэднім ня больш як на 20-25 працэнтаў. Па цэнах, напрыклад, на прадукты харчаваньня мы ўжо дагналі Расею. Аднак там заробак удвая вышэйшы. Таму гаварыць аб росьце ўзроўню жыцьця насельніцтва з нагоды гэтага падвышэньня не даводзіцца”, — зазначыў Барыс Жаліба. А паводле аналітыка цэнтру “Стратэгія” Яраслава Раманчука, падвышэньне “мінімалкі” менавіта ў кастрычніку зьяўляецца перадвыбарчым захадам. (Раманчук: ) “Калі павялічваецца мінімальны заробак без таго, каб павялічвалася рэнтабельнасьць прадпрыемстваў, гэта ёсьць дырэктыўнае павелічэньне затратаў прадпрыемстваў, якое, безумоўна, пагоршыць іх фінансавы стан. Для чалавека гэта таксама будзе мець наступствы. Гэта павялічыць кошт прадукцыі, а таму і цэны на гэтую прадукцыю будуць больш высокімі. Гэта не прывядзе да стабілізацыі цэнаў, але паслужыць штуршком да таго, каб яны яшчэ больш расьлі ў будучым. Таму я не лічу, што гэты захад накіраваны на сацыяльную абарону насельніцтва. Гэта захад, каб перад выбарамі стварыць ілюзію таго, што ўрад дбае пра дабрабыт насельніцтва”, — зазначыў Яраслаў Раманчук. Былы старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч таксама лічыць рашэньне ўраду ў падвышэньні “мінімалкі” неэфэктыўным і часовым: (Багданкевіч: ) “Узровень заробкавае платы ў нас надзвычай нізкі, і таму любое падвышэньне — сацыяльна неабходнае. У той жа час ва ўмовах, калі эфэктыўнасьць вытворчасьці ў Беларусі вельмі нізкая, калі з нагоды зносу абсталяваньня якасьць прадукцыі ўвесь час пагаршаецца, калі дэфіцыт гандлёвага балянсу ўвесь час павялічваецца, з Расеяй ён перавысіў 1 мільярд даляраў, дык гэтае падвышэньне, безумоўна, будзе для людзей неэфэктыўным і часовым. Рост цэнаў ды інфляцыя, абавязкова павялічацца. Яна павялічыцца літаральна на працягу некалькіх месяцаў”. Гэта быў Станіслаў Багданкевіч. Ганна Соусь, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |