RFE/RL |
Пятніца, 29 Верасьня 2000 |
Сёньня: |
Ужо месяц у Барысаве доўжыцца канфлікт між адміністрацыяй сярэдняе школы №7 і бацькамі вучняў гэтае школы. Бацькі скардзяцца, што дырэкцыя ды бацькоўскі камітэт прымушаюць іх аплочваць тыя патрэбы школы, якія мусіць фінансаваць дзяржава. 1 верасьня сын спадарыні Тамары дый іншыя дзеці, вярнуўшыся дадому пасьля заняткаў у школе №7, моцна зьдзівілі сваіх бацькоў. “Першага верасьня на кляснай гадзіне сказалі дзецям, каб для набыцьця ксэракса прынесьлі па чатыры тысячы рублёў… Ну бацькі… — па-першае, ня кожны можа даць гэту суму. Як у мяне напрыклад, заробкавая плата 13 тысячаў за месяц. І аддай — чатыры. Гэта, акрамя таго, што яшчэ на рамонт школы, на рамонт клясы… Настаўнікам на падарункі да Дня настаўніка ўжо аддалі па пяцьсот рублёў”, — паведаміла мне спадарыня Тамара. Яшчэ адна мая суразмоўніца зь ліку бацькоў, спадарыня Ніна, сказала: “Пакуль я ня дам. У меня няма чаго даць”. Паводле вядомых прычынаў, абедзьве жанчыны не пажадалі назваць у эфіры свае прозьвішчы. Дырэктарка школы №7 Ніла Цімохава патлумачыла мне, што неабходнасьць у бацькоўскіх ахвяраваньнях абумоўленая цяжкай эканамічнай сытуацыяй, у якой знаходзіцца цяпер школьная адукацыя. А па-другое, гэтыя грошы школа з бацькоў возьме не адразу: “Было запрапанавана па адной тысячы за чвэрць з вучня. З улікам, што гэтыя грошы пойдуць ня толькі на ксэракс, але й на падрыхтоўку да новага навучальнага году. Я казала на бацькоўскім сходзе, што гэта толькі дабрахвотны ўнёсак», — падкрэсьліла дырэктарка школы. Аднак тая ж спадарыня Тамара не пацьвердзіла, што выконваецца прынцып дабрахвотнасьці. Вось што яна распавяла пра настаўнікаў школы №7: «Паабяцалі, што: «…Дзеці, у вас кантрольныя, у некаторых — экзамены». Папярэдзілі, што дабром гэта ня скончыцца», — паведаміла спадарыня Тамара. Як жа рэагуюць на падобныя грашовыя зборы ворганы адукацыі? Вось меркаваньне кіраўніка ўправы адукацыі Менскага абласнога выканкаму Георгія Нікановіча: «Тое, што з бацькоў зьбіраюць грошы, гэта вельмі няслушна, гэта не павінна быць… Мы з гэтым пытаньнем разьбярэмся абавязкова і, я думаю, паправім дырэктара», — сказаў спадар Нікановіч і зазначыў, што бюджэтных грошай мусіць хапаць школе №7 на ўсе ейныя патрэбы. Алесь Мікалайчанка, Барысаў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |