RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 29 Верасьня 2000

Сёньня:



(эфір 30 верасьня)
Эканамічны агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

Трэба сказаць, што чарговага падвышэньня заробкавае платы працоўныя жыхары краіны чакалі зь нецярпеньнем і нейкай надзеяй на лепшае. І гэта невыпадкова, бо Аляксандар Лукашэнка яшчэ пад час свайго візыту ў Янаўскі й Баранавіцкі раёны 2 месяцы таму, абвясьціў, што сярэдняя заробкавая плата ў краіне, пачынаючы зь сёлетняга кастрычніка, да восені будучага году падвысіцца ўдвая: зь 50 даляраў сёньня да 100 даляраў праз год.

І вось ажыцьцяўленьне абяцанага нібы пачалося. 28 верасьня афіцыйны друк са спазьненьнем на 3 дні пасьля прыняцьця апублікаваў пастанову Савета міністраў “Аб захадах ва ўдасканаленьні ўмоваў аплаты працы работнікаў арганізацыяў, фінансаваных зь бюджэту”.

Заўважым, што ўпершыню самая назва пастановы сымбалічная, бо абвяшчаецца не падвышэньне мінімальнага заробку, як гэта было раней, а йдзецца толькі пра ўдасканаленьне ўмоваў аплаты працы. І на самрэч ніякага падвышэньня заробкаў няма.

Самі супрацоўнікі міністэрства працы падлічылі, што падвышэньне мінімальнага заробку з 1 кастрычніка да 3.600 рублёў (на 37%), стаўкі першага разраду да 7.200 (амаль на 34%) у параўнаньні з травеньскім узроўнем азначае, што фактычна ў кастрычніку заробак з прычыны інфляцыі толькі дасягне і, можа, на некалькі адсоткаў пераўзыйдзе ўзровень траўня. Тым болей, што падвышаны заробак за кастрычнік людзі атрымаюць толькі ў лістападзе.

Немагчымасьць падвышэньня сярэдняга рэальнага заробку да ўзроўню 100 даляраў разумеюць нават ва ўрадзе. Кіраўнік міністэрства эканомікі Ўладзімер Шымаў у толькі што апублікаваным інтэрвію заявіў: “паводле разьлікаў, якія Міністэрства эканомікі прадставіла кіраўніку дзяржавы, узровень заробку можна давесьці толькі да 70-75 даляраў”.

Але ж гэта напалову меней абяцанага Лукашэнкам. Да таго ж даляравы эквівалент заробкаў з-за дэвальвацыі рубля ўсё болей адыходзіць ад рублёвага вылічэньня.

І наогул, як можна абяцаць падвышэньня заробкавае платы на 100%, калі сёлета ВУП павялічыцца толькі на 4%. Ды ў наступным годзе прадугледжаны рост на 3-4%. Разам рост ВУП за 2 гады складзе ня болей 8%, што ў 12 разоў меней абяцанага росту заробкаў.

Вельмі трывожна, што пастанова ўраду пра ўдасканаленьне ўмоваў аплаты працы аніяк не вырашае праблемаў нізкіх заробкаў вялікіх групаў працоўных: лекараў, настаўнікаў, работнікаў сацыяльнае сфэры, культуры й г.д. Напрыклад у жніўні заробак настаўнікаў склаў толькі 36.900 рублёў, што дасягае 74% мінімальнага спажывецкага бюджэту.

Выснова са сказанага адна: папулісцкімі захадамі заробкі падвысіць нельга, патрэбны эканамічныя захады.

Уладзімер Кулажанка, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org