RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 29 Верасьня 2000

Сёньня



29 верасьня ў менскім Палацы Рэспублікі прайшоў I зьезд Саветаў, на якім прысутнічала каля 2,5 тысячы дэлегатаў ад мясцовых уладаў. Нашаму карэспандэнту, які прысутнічаў там, ён нагадаў ранейшыя партыйныя зьезды часу панаваньня КПСС.

Палац Рэспублікі, што паўстаў сёньня перад дэпутатамі мясцовых Саветаў у бляску пазалоты, крышталя ды мармуру, быў запраектаваны яшчэ камуністычным урадам для правядзеньня партыйных форумаў. Але камуністычная ўлада скончылася раней, чым дабудавалі гэты палац.

Антураж зьезду сапраўды нагадваў ранейшыя партыйныя форумы: чырвань сьцягоў і транспарантаў, далікатэсы ў буфэтах, вернападданьніцкія прамовы. Нарыклад, дэпутат зь Берасьцейшчыны Лемяшэўскі заклікаў зрабіць сельсаветы “фундамэнтам вэртыкалі”, а прадстаўніца Карэлічаў на добрай беларускай мове заклікала “гуртавацца вакол прэзыдэнта як гаранта Канстытуцыі краіны”. Канстраставала з камуністычнымі зьездамі хіба што прысутнасьць у прэзыдыюме мітрапаліта Філарэта…

Сам Лукашэнка й не хаваў, што ён сабраў 2,5 тысячы дэпутатаў, каб “умацаваць пазыцыі ўлады напярэдадні выбараў”, а такую форму падтрымкі абраў таму, што “ня можа разьвітацца з савецкім мінулым”. Адмаўляцца ад савецкай спадчыны ён не зьбіраеца і заявіў дэлегатам, што савецкая сыстэма мясцовага самакіраваньня будзе захаваная і надалей, таксама як і рэгулюючая роля дзяржавы ва ўсіх грамадзкіх працэсах.

Але важнейшай тэмаю ўсё ж былі выбары. Лукашэнка назваў “грамадзка-палітычны дыялёг”, які ён праводзіў без удзелу апазыцыі, “так званым”, зноўку абвінаваціў апазыцыю, што яе фінансуюць з-за мяжы, ды заклікаў выбаршчыкаў прагаласаваць за дзейных дэпутатаў “Палаты”. Паводле словаў Лукашэнкі, выбаршчыкам няма чаго выстаўляць нейкія прэтэнзіі да сяброў “Палаты прадстаўнікоў”, бо яны ні за што не адказваюць, толькі за напісаньне законаў…

(Лукашэнка: ) “Парлямэнт сёньня не валодае тымі паўнамоцтвамі, каб зьвярнуць у краіне ўладу. Сёньняшнія парлямэнцкія выбары, гэта ўвэрцюра, гэта прэлюдыя, гэта толькі пачатак. Ці тое яшчэ будзе? – я ўжо казаў”.

Аляксандар Лукашэнка абверг інфармацыю, што йснуе гэтак званы “сьпіс Лукашэнкі” — сьпіс кандыдатаў у “Палату прадстаўнікоў” ад улады, а таксама што выканаўчая “вэртыкаль” моцна цісьне на выбарчыя камісіі.

Адметна, што ў выказваньнях Лукашэнкі пра стасункі з Расеяй зьнік назоў “Саюзная дзяржава”. Лукашэнка зноў гаворыць пра “Саюз дзьвюх дзяржаваў”, які магчымы пры захаваньні сувэрэннае роўнасьці абедзьвюх. Пры гэтым Беларусь, паводле словаў Лукашэнкі, ня будзе йсьці за Расеяй у яе эканамічных пераўтварэньнях.

Старшыня Дзяржаўнае Думы Расеі Генадзь Селязьнёў, які быў госьцем гэтага зьезду, ва ўсім падтрымаў Лукашэнку і пашкадаваў, што ў Расеі няма падобных форумаў. Вось як адрэагаваў Селязьнёў на заклік Мадлэн Олбрайт не прызнаваць беларускія выбары, як кажуць, чэснымі й справядівымі.

(Селязьнёў: ) “Хай яна вырашае пытаньні ў сваёй краіне сама. У нас паедуць назіральнікі, і, наколькі я ведаю, у вас будуць назіральнікі з эўрапейскіх краінаў, усё гэта будзе, а спадарыня Олбрайт хай разьбіраецца з амэрыканскімі сэнатарамі і кангрэсмэнамі”.

— сказаў Генадзь Селязьнёў на I зьезьде Саветаў.

Валер Каліноўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org