RFE/RL |
Пятніца, 29 Верасьня 2000 |
Сёньня |
Перамога дэмакратаў у першым туры выбараў ў Югаславіі натхніла й беларускіх апазыцыянэраў. Адзін з арганізатараў “Маршу Свабоды – 3” Юры Хадыка лічыць, што югаслаўскі прыклад можа вельмі паўплываць на сытуацыю ў Беларусі. Інтэрвію ў Юрыя Хадыкі ўзяў наш аўтар Алег Грузьдзіловіч. Юры Хадыка ўпэўнены, што прыклад Югаславіі для Беларусі можа быць вельмі карысным. Беларускія апазыцыянэры, паводле намесьніка старшыні БНФ, даўно прыглядаюцца да югаслаўскага досьведу змаганьня з дыктатураю і спрабуюць пераняць лепшае ў гэтым досьведзе. А нядаўняя перамога югаслаўскай апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах дадае яшчэ шмат вартага для перайманьня, лічыць спадар Хадыка. Што ж тычыцца простых беларусаў, дык пытаньне, ці возьмуць яны прыклад з югаславаў, Юры Хадыка ставіць у залежнасьць ад ступені інфармаванасьці жыхароў Беларусі. “Бо нашыя ўлады трымаюць людзей ня проста недастаткова інфармаванымі, а актыўна займаюцца дэзынфармацыяй — чаму трэба супрацьстаяць”, — заявіў Юры Хадыка напачатку гутаркі зь ім пра тое, ці паўплываюць падзеі ў Югаславіі на Беларусь. Далей Юры Хадыка казаў: (Хадыка: ) “Сытуацыя вельмі блізкая. І там апазыцыя добра разумела, што будуць падробкі. Вось яскравая дэманстрацыя таго, што адбываецца, калі ствараюцца камісіі без удзелу апазыцыі. Прыклад для нас вельмі добры. Трэба як мага шырэй даводзіць да насельніцтва тое, што адбываецца ў Югаславіі”. (Карэспандэнт: ) “Ці паўплываюць падзеі ў Югаславіі на масавасьць Маршу Свабоды?” (Хадыка: ) “Я спадзяюся, што Марш будзе масавым, калі надвор’е не сапсуе…” (Карэспандэнт: ) “Якія яшчэ фактары могуць паўплываць?” (Хадыка: ) “Вось сёньняшні “зьезд” ці шоў, што робіць Лукашэнка, будзе ўплываць. У залежнасьці ад таго, што ён сёньня будзе гаварыць пра апазыцыю. Мы выбралі варынт такі, што дамагліся дазволу. Гэта значыць, што рызыка сутыкненьняў будзе мнімізаваная. У такіх выпадках людзі боьш ахвотна прыходзяць. Нам абавязкова трэба скарыстаць інфармацыйныя магчымасьці масавых акцыяў, тое, што людзі выходзяць супраць няроўных выбараў, супраць выбарчага фарсу”. (Карэспандэнт: ) “Мінулы Марш быў шырока асьветлены расейскімі сродкамі масавай інфармацыі. Цяпер, як я разумею, на гэта разьлічваць не даводзіцца…” (Хадыка: ) “Трэба разьлічваць на нашыя незалежныя выданьні. Думаю, што спраўды Масква будзе сьціпла гэта асьвятляць, таму што там памянялася ўяўленьне аб дэмакратыі, у маскоўскіх кабінэтах. Я думаю, шоо інфармацыя аб Маршы распаўсюдзіцца на ўсю Беларусь з дапамогай незалежных выданьняў, з дапамогай радыё Рацыя, Свабода, Балтыйская Хваля. Зараз інфармацыйныя магчымасьці крышку павялічыліся”. На пытаньні радыё Свабода адказваў намесьнік старшыні БНФ, адзін з арганізатараў “Маршу Свабоды”, які пройдзе ў нядзелю ў Менску, Юры Хадыка. Алег Грузьдзіловіч, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |