RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 28 Верасьня 2000

Сёньня



Міністэрства замежных справаў упершыню афіцыйна пракамэнтавала вынікі выбараў у Югаславіі ды праанансавала прыезд на беларускія выбары ў гэтак званую “палату прадстаўнікоў” аж 80 назіральнікаў з 17 краінаў сьвету, у тым ліку Бэльгіі ды Італіі. Але адпаведныя амбасады ў Менску гэтага не пацьвярджаюць.

Толькі напрыканцы сёньняшняга брыфінгу ў Міністэрстве замежных справаў ягоны прэсавы сакратар Павал Латушка агучыў заяву МЗС з нагоды вынікаў югаслаўскіх выбараў:

(Латушка: ) “Рэспубліка Беларусь супраць усялякага зьнешняга ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы сувэрэннай Югаславіі, выбар народу якой павінен паважацца і мець прызнаньне. Беларусь будзе з павагай ставіцца да волевыяўленьня югаслаўскага народу”.

Гэта быў Павал Латушка, прэсавы сакратар МЗС.

На брыфінгу ён закрануў таксама й беларускія выбары, паведаміўшы, што ўжо далі згоду прыехаць у якасьці назіральнікаў 80 асобаў з розных дзяржаваў, сярод якіх ёсьць краіны ЭўраЗьвязу. Я папрасіў Паўла Латушку ўдакладніць пералік гэтых дзяржаваў…

(Латушка: ) “Зараз магу сказаць, што плянуецца прыез прадстаўнікоў такіх дзяржаваў, як Бэльгія, Італія. Я казаў Вам, што прыяжджае вельмі вялікая група парлямэнтароў з Ізраілю, прадстаўнікі цэнтрвыбаркаму Індыі, Расейскай Фэдэрацыі. Заплянаваны прыезд прадстаўнікоў парлямэнтаў і іншых установаў краінаў-суседзяў Беларусі”.

Паведаміў спадар Латушка.

Але словы прэсавага сакратара беларускага МЗС пакуль не пацьвярджаюць у адпаведных амбасадах. Амбасадар Італіі ў Менску Джавані Чэруці так адказаў на маё пытаньне пра назіральнікаў ад Італіі:

(Чэруці: ) “Я ня ведаю абсалютна нічога пра гэта. Магчыма, гэта ўсё прыватныя кантакты, што беларускія ўлады мелі самастойна ў Італіі праз сваю амбасаду, я магу гэта ўявіць… Але тут няма нічога афіцыйнага зь італійскага боку. І я нічога ня ведаю пра гэта”, — заявіў амбасадар Італіі спадар Чэруці.

Нічога ня ведае пра назіральнікаў з Бэльгіі і амбасада Нямеччыны ў Менску, якая рэпрэзэнтуе ў Беларусі бэльгійскія консульскія інтарэсы.

Юры Сьвірко, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org