RFE/RL |
Серада, 27 Верасьня 2000 |
Сёньня |
(эфір 27 верасьня) У Беларусі выйшла ў сьвет скандальная кніга адного з буйных дзеячоў белагвардзейскага руху, пісьменьніка Яўгена Чырыкава “Зьвер зь бездані”. У былым Савецкім Саюзе гэтую кнігу заўжды лічылі антысавецкім творам. Упершыню раман быў надрукаваны ў Празе ў 1924 годзе на чэскай, а потым на расейскай мове. І толькі цяпер, праз 76 год, гэтая кніга была надрукаваная ў Беларусі, дзе ў свой час жыў пісьменьнік. Нядаўна беларускае выдавецтва “Тэтрасыстэм” надрукавала раман Яўгена Чырыкава “Зьвер зь бездані” накладам 4 тысячы асобнікаў. Асоба белагвардзейскага афіцэра і, дарэчы, аднаклясьніка Леніна, Яўгена Чырыкава ў свой час выклікала досыць супярэчлівыя меркаваньні ў сучасьнікаў. У ягоным рамане “Зьвер зь бездані” распавядаецца пра падзеі грамадзянскае вайны, пра злачынствы “белых” і “чырвоных”. У Савецкім Саюзе гэты твор лічылі варожым і антысавецкім. У той жа час у эмігранцкім асяродзьдзі за гэтую кнігу Чырыкаву нават наладзілі ў Парыжы “суд гонару”. Значная частка жыцьця Яўгена Чырыкава была зьвязаная зь Беларусьсю. Зараз у Менску жыве ўнук пісьменьніка, таксама Яўген Чырыкаў. Пра свайго дзеда распавядае Яўген Чырыкаў: (Чырыкаў: ) “Ён жыў у Беларусі з 1895 году. У Менск дзед прыехаў, калі ўжо быў даволі знакамітым пісьменьнікам. Ён шмат чаго зрабіў для Беларусі, і ягоная дзейнасьць тут яшчэ добра не дасьледаваная. Чырыкаў быў адным з заснавальнікаў Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў у Менску. Але ў дваццатым годзе ён быў вымушаны эміграваць, паколькі актыўна выступаў супраць савецкае ўлады. Ягоны твор “Зьвер зь бездані” — гэта непасрэднае адлюстраваньне ягонага стаўленьня да грамадзянскае вайны”, — зазначыў унук пісьменьніка Яўген Чырыкаў. Да 19-ці гадоў ён жыў у Празе, а ў 1956 годзе пераехаў у Беларусь. Шмат гадоў спрабаваў знайсьці выдаўца для дзедавага рамана, які, дарэчы, быў надрукаваны ў многіх краінах і на розных мовах. І толькі цяпер скандальная кніга Яўгена Чырыкава “Зьвер зь бездані” ўбачыла сьвет менавіта ў Беларусі. У Расеі яна дагэтуль не надрукаваная. Ганна Соусь, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |