RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 28 Верасьня 2000

Сёньня



Нягледзячы на просьбу ўраду ЗША, сфармуляваную Мадлен Олбрайт, не накіроўваць назіральнікаў на выбары ў Беларусь, расейская Дума вырашыла сфармаваць сваю дэлегацыю. У склад назіральнікаў увайшлі прадстаўнікі ўсіх думскіх фракцыяў. Для нашай праграмы гэты факт камэнтуе член фракцыі СПС, кіраўнік санкт-пецярбурскай арганізацыі “Дэмакратычная Расея” Юлі Рыбакоў.

(Рыбакоў: ) “Так, Дзяржаўная Дума прыняла рашэньне аб накіраваньні сваіх назіральнікаў на выбары ў Беларусь. Гэта калектыўнае рашэньне. У гэтым выпадку вырашальную ролю адыгралі пазыцыі левых, якія лічаць гэта неабходным. Хаця, шчыра кажучы, я таксама згодны з тым, што такія назіральнікі там усё-ткі патрэбныя. Справа ў тым, што пытаньне аб легітымнасьці выбараў як такіх і аб той атмасфэры, у якой яны будуць адбывацца – гэта асобнае пытаньне. Пытаньне аб тым, наколькі законным будзе сам ход гэтых выбараў – гэта іншае пытаньне, на мой погляд. І адно другога не выключае. Мне здаецца, што назіральнікі на гэтых выбарах змогуць зрабіць высновы як пра адно, гэдак і пра другое.

Так, можна будзе сказаць аб тым, што сама працэдура выбараў гаворыць аб наяўнасьці або адсутнасьці тых ці іншых парушэньняў. Але гэта зусім ня значыць, нават калі гэтыя выбары пройдуць бездакорна з гледзішча рэглямэнту, што назіральнікі забавязаныя заявіць, што выбары адбыліся. Бо ёсьць яшчэ іншая, генэральная лінія ацэнкі, якая мусіць вызначацца, па-першае, самой легітымнасьцю выбараў, а па-другое – атмасфэрай у рэспубліцы ў цэлым. Таму мне здаецца, што ў залежнасьці ад таго, да якіх фракцыяў альбо палітычных арганізацыяў будуць належаць назіральнікі, яны зробяць розныя высновы”.

(Тарас: ) “Я хацеў бы нагадаць, што тэхнічная канфэрэнцыя АБСЭ ў Вене вырашыла накіраваць у Беларусь не назіральнікаў, а толькі экспэртаў – гэта значыць, у прынцыпе, гаворка ідзе пра іх статус. Прысутнасьць “міжнародных назіральнікаў”, як гэта трактуюць беларускія ўлады, сама па сабе ўжо, нібыта, гаворыць аб легітымнасьці выбараў і іх наступстваў. Статус назіральнікаў, які будуць мець дэпутаты Думы, на Вашую думку, мае значэньне?”

(Рыбакоў ) “Ведаеце, статус назіральніка як такога мне проста невядомы. Так, напэўна Вы маеце рацыю – кансультанты ў гэтым выпадку былі б больш да мейсца. Хаця юрыдычна статус назіральніка зусім не гаворыць аб тым, што сам працэс правядзеньня выбараў прызнаецца легітымным. Юрыдычна тут вольнае поле для трактаваньня. І, канешне, левыя сілы ў Расеі будуць выкарыстоўваць гэта як факт прызнаньня.

Вы ведаеце, што Дзяржаўная Дума вітае стварэньне ў будучым аб’яднанага ўраду і спрыяе ўсім гэстам, скіраваным у бок аб’яднаньня Расеі й Беларусі. На жаль, яны ня думаюць аб наступствах гэтых непрадуманых дзеяньняў, а мабыць, нават і ня ставяць перад сабой такой задачы. Ідзе чыста палітычная спэкуляцыя”.

(Тарас: ) “Якой, на Вашую думку, можа быць рэакцыя Масквы на выказваньне дзяржаўнага сакратара ЗША Мадлен Олбрайт адносна выбараў у Беларусі?”

(Рыбакоў: ) “Я думаю, што расейескі ўрад ня будзе афіцыйна рэагаваць на гэты зварот і выкарыстае цалкам разумны аргумэнт аб тым, што ўрад ня можа забараніць тым або іншым палітычным сілам, а тым больш парлямэнту Расейкай Фэдэрацыі накіраваць туды сваіх назіральнікаў”.

Гутарыў

Віталь Тарас


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org