RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 28 Верасьня 2000

Сёньня



Рэпрэсіі супраць удзельнікаў кампаніі байкоту восеньскіх выбараў працягваюцца. Толькі ўчора міліцыяй у Менску было затрымана восем сябраў БНФ, якія раздавалі грамадзянам адмысловыя выпускі газэтаў “Народная Воля” і “Наша свабода”, а таксама кідалі ў паштовыя скрынкі ўлёткі з заклікам удзельнічаць у дазволеным уладамі “Маршы Свабоды” 1 кастрычніка.

Актывістаў Фронту Андрэя Сінякова, Уладзімера Кішкурну, Лявона Садоўскага, Валянціна Баранава, Натальлю Емяльянаву і Валера Жэрбіна затрымалі ўчора ўвечары на праспэкце Францішка Скарыны, дзе яны праводзілі сустрэчу з выбаршчыкамі.

Міліцэйскія патрулі з трох менскіх раённых аддзелаў пад’ехалі ў раён пляцу Перамогі ў той час, калі апазыцыянэры ўжо раздалі большасьць асобнікаў газэтаў. Затрыманых даставілі ў Савецкі, Цэнтральны й Партызанскі раённыя пастарункі міліцыі. На бальшыню былі складзеныя пратаколы затрыманьня, і праз некаторы час яны былі адпушчаныя. Справу Лявона Садоўскага перадалі ў суд.

А ў Ленінскім раёне Менску позна ўвечары міліцыянты затрымалі Ўладзімера Бурдака ды Аркадзя Галая, якія рапаўсюджвалі ўлёткі з заклікам узяць удзел у “Маршы Свабоды”. У пастарунку, паводле словаў апазыцыянэраў, іх сілаю прымушалі падпісаць пратаколы.

Намесьнік начальніка Ленінскага раённага аддзелу міліцыі Юры Іпатаў у інтэрвію нашаму радыё абверг інфармацыю пра тое, што апазыцыянэраў у пастарунку зьбівалі. Справу Бурдака й Галая будзе разглядаць суд.

Колькі ж усяго актывістаў кампаніі байкоту пацярпела ад міліцэйскіх рэпрэсіяў? Вось што паведаміла супрацоўніца інфармацыйнага аддзелу праваабарончага цэнтру “Вясна” Тацяна Рэвяка:

(Рэвяка: ) “Праз наш цэнтар на сёньня прайшло 27 чалавек, якія зазналі адміністрацыйнае пакараньне. На 13 чалавек былі складзеныя пратаколы, але пакуль што ў суд іх не выклікалі. Яны былі затрыманыя, зь імі праведзеныя пэўныя размовы, і гэтыя людзі былі адпушчаныя. Мы атрымліваем інфармацыю з рэгіёнаў: гэта і затрыманьні ў Гомелі, у Лідзе, Берасьці. Цяжка сказаць, дзе большыя, дзе меншыя рэпрэсіі. Яны ўсюды аднолькавыя. Калі параўнаць гэтую кампанію з выбарамі прэзыдэнта мінулага году, то гэтая кампанія слабейшая. Тады людзі значна болей падвяргаліся рэпрэсіям, і тады больш удзельнічала спэцслужбаў, больш выклікалася людзей у КГБ, а зараз у нас амаль што такой статыстыкі няма”.

(Карэспандэнт: ) “Ці інфармуе “Вясна” аб кожным выпадку затрыманьня АБСЭ ды іншыя міжнародныя структуры”.

(Рэвяка: ) “Так, у нас гэтая праца наладжаная, і мы ўсю гэтую інфармацыю абавязкова дасылаем у АБСЭ і ў тэхнічную групу, якая працуе зараз у Беларусі. Яе мы кожны дзень інфармуем пра выпадкі затрыманьняў, а калі ёсьць суды, дык пра вынікі судоў і гэтак далей”.

Гэта была супрацоўніца праваабарончага цэнтру “Вясна”, які вядзе маніторынг парушэньня правоў чалавека ў часе кампаніі байкоту Тацяна Рэвяка.

Альгерд Невяроўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org