RFE/RL |
Чацьвер, 28 Верасьня 2000 |
Сёньня |
Пакуль усясьветная супольнасьць павольна адыходзіць ад паліўнага крызысу, беларускія ўлады працягваюць падвышаць кошты на паліва. Цягам толькі аднаго месяцу яны ўзьняліся да ўзроўню сярэднеэўрапейскіх. Самы папулярны, 92-гі бэнзын, упершыню за час існаваньня сувэрэннае Беларусі дасягнуў адзнакі поўдаляры за літар. Пяты раз цягам верасьня аўтааматары вымушаныя лаяцца, набліжаючыся да аўтазалівачных станцыяў. Паліўны асартымэнт зноў прапаноўваецца ў новых коштах. Але, у адрозьненьне ад замежных калегаў, вялізная армія кіроўцаў па-ранейшым моўчкі праглынула чарговы падарунак уладаў. У аўтамабільнай службе “Спас 001” паведамілі, што валютны эквівалент кошту паліва зараз складае наступныя лічбы. А-92 – (Голас: ) “47 цэнтаў на “Лукойле” на А-100, 48 на “Славнефть”, А-95 –54 на “Славнефть” і “Лукойле”. Парадокс, але практычна ніхто з апытаных мною ўладных чыноўнікаў ня здолеў дакладна адказаць, хто і як фармуе цэнавую палітыку на паліва. У той час, як усясьветныя агэнцыі паведамляюць пра станоўчыя вынікі ў вырашэньні паліўнага крызысу, і нават вяртаньні коштаў да ранейшых паказьнікаў, зацікаўленыя беларускія службы з-за інэрцыі (?) працягваюць падвышаць кошты на паліва. Пачынаючы з 30 цэнтаў за літар самага папулярнага бэнзыну А-92 за год зь невялікім кошт вырас больш як у паўтары разы. На фоне глябальнага падаражаньня ўсё ж варта задацца пытаньнем: чаму падобнае адбываецца ў Беларусі, але не ў Расеі, на якую цалкам арыентуецца беларускае кіраўніцтва? На тэрыторыі Беларусі дзейнічаюць два нафтаперапрацоўныя заводы ў Наваполацку й Мазыры, якія прывязаныя да расейскае нафтавае трубы і таму працуюць на два рынкі. Але атрымліваецца, што для спажыўцоў у Расеі і Беларусі вынік адной і той жа працэдуры нафтаперапрацоўкі мае розныя кошты. Разважае прэзыдэнт аналітычнага цэнтру “Стратэгія” эканаміст Леанід Заіка. (Заіка: ) “Тое, што адбылося з коштамі на ўсясьветным рынку паказала: беларуская эканамічная палітыка на інтэграцыю з Расеяй дала асечку. У Расеі кошты на нафту фармуюцца, зыходзячы з унутраных патрэбаў. Што б ні адбылося з усясьветнымі коштамі, Расея можа трымаць свае. Беларусь знаходзіцца ў мытным саюзе, і расейскія ўнутраныя кошты паводле лёгікі мусяць распаўсюджвацца й на Беларусь. У Калінінградзе, які яшчэ далей ад Цюмені, чым Менск, літар 92-га — 26-28 цэнтаў. У нас — 50. Адпаведна, мы вымушаныя пераплочваць, і гэта цалкам пераносіцца на жыхароў, на асноўных спажыўцоў. Уявіць адкат да старых коштаў цяжка. Ён магчымы толькі пры вельмі настойлівых дзеяньнях беларускага ўраду, калі той захоча абараняць нашыя эканамічныя інтарэсы”, — лічыць эканаміст Леанід Заіка. Таксама ён мяркуе, што прынамсі да прэзыдэнцкіх выбараў, калі будзе неабходнасьць у папулісцкіх кроках, сытуацыя застанецца без аніякіх зьменаў. Ігар Карней, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |