RFE/RL |
Чацьвер, 28 Верасьня 2000 |
Сёньня |
Для беларускіх міліцыянтаў падрыхтоўка да “Маршу Свабоды – 3” супала з прызначэньнем новага міністра ўнутраных справаў. Ці зьбіраецца спадар Навумаў браць прыклад са свайго папярэдніка Сівакова, які пад час акцыяў апазыцыі выводзіў на вуліцы беларускае сталіцы тысячы салдат унутраных войскаў і баявую тэхніку? Новы міністар унутраных справаў, былы кіраўнік спэцназу “Алмаз” Уладзімер Навумаў пакуль не заўважаны ў раздзьмуваньні антыапазыцыйнага псыхозу, які раней адчуваўся напярэдадні кожнай акцыі апазыцыі. Гэтак кажуць крыніцы ў міністэрстве ўнутраных справаў, спасылаючыся на спакойную абстаноўку ў сваім ведамстве пасьля прызначэньня Навумава. Адзначана, што ніхто з падначаленых міністра ня звольнены, і ніхто на ўласнае жаданьне таксама не сыйшоў. Дагэтуль не паступала й загадаў пра нейкае надзвычайнае становішча ў міліцэйскіх установах 1 кастрычніка, калі будзе праходзіць “Марш Свабоды – 3”. “Ва ўсялякім разе на сёньняшні дзень нам пра нейкую надзвычайную падрыхтоўку да “Маршу Свабоды” невядома”, — запэўніў мяне выканаўца абавязкаў кіраўніка прэсавае службы міністэрства Канстанцін Шалькевіч. (Шалькевіч: ) “Ніякіх дадатковых указаньняў па падрыхтоўцы да Маршу Свабоды не паступала. Міліцыя працуе ў звычайным рэжыме, і як звычайна на падобнага роду мерапрыемствах супрацоўнікі будуць занятыя аховай грамадзкага парадку”. Казаў выканаўца абавязкаў кіраўніка прэсавае службы спадар Шалькевіч. У прэсавай службе гарадзкой міліцыі мяне таксама запэўнілі, што ніякіх надзвычайных захадаў не рыхтуецца, акрамя тых, што зазвычай прадуглежаныя для забесьпячэньня парадку пад час дазволенай вулічнай акцыі. Між тым досьвед апошніх гадоў паказвае, што загады ў міліцэйскае ды іншыя сілавыя ведамствы на разгортваньне вялікіх сілаў даводзяцца незалежна ад таго, дазволеная акцыя ці забароненая. Толькі ў адным выпадку сілы хаваюцца, у другім — дэманструюцца для таго, каб зрабіць на апазыцыянэраў спачатку псыхалягічны ціск. Паводле крыніцы, якая служыць ва ўнутраных войсках, той нэрвовай абстаноўкі, што была напярэдадні Дня Волі ў сакавіку, няма. “Тады ўжо за некалькі дзён да акцыі рыхтавалі тэхніку, спэцабсталяваньне, нават сьлезацечныя газы. Цяпер такога няма”, — запэўніў службовец з унутраных войскаў. Алег Грузьдзіловіч, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |