RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 28 Верасьня 2000

Сёньня



Сёньня ў Празе на дзень раней заплянаванага тэрміну завершыла сваю працу штогадовае паседжаньне Ўсясьветнага банку і Міжнароднага валютнага фонду. Падчас трохдзённага паседжаньня адбываліся жорсткія сутычкі маніфэстантаў, што пратэставалі супраць міжнародных фінансавых арганізацыяў, з сіламі правапарадку.

Паседжаньне міжнародных фінансавых арганізацыяў павінна было працягвацца да чацьвярга, але афіцыйная частка скончылася яшчэ ўчора, сёньня адбылася толькі нарада кіраўнікоў Усясьветнага банку і МВФ. У аўторак і ў сераду на вуліцах чэскай сталіцы разгарнуліся сапраўдныя баі паміж паліцыяй і дэманстрантамі-праціўнікамі міжнародных фінансавых арганізацыяў. Сутычкі адбываліся ў некалькіх мейсцах у цэнтры гораду: маніфэстанты разграмілі некалькі рэстаранаў хуткага харчаваньня, пабілі шкло ў шэрагу крамаў. Учора дэманстранты заблякавалі гатэль “Гілтан”, дзе разьмесьціліся ўдзельнікі паседжаньня. Але самыя жорсткія сутычкі адбываліся ў аўторак каля палацу кангрэсаў, дзе праходзіла паседжаньне Ўсясьветнага банку і МВФ.

Пра маштабы супрацьстаяньня сьведчаць паведамленьні паліцэйскай управы Прагі: больш за 100 чалавек – паліцыянтаў і маніфэстантаў – параненыя, арыштаваныя каля 500 удзельнікаў сутычак. Большасьць арыштаваных ужо вызваленыя, але паліцыя не выключае, што супраць 17 замежнікаў і аднаго грамадзяніна Чэхіі будуць узбуджаныя крымінальныя справы. Наглядальнікі кажуць, што такіх моцных беспарадкаў у Празе не было з часоў падзеньня камуністычнай улады. Варта адзначыць, што ў пэўнай ступені сваіх мэтаў маніфэстанты ўсё ж такі дасягнулі: у аўторак быў адменены ўрачысты канцэрт для ўдзельнікаў паседжаньня, будынак опэры апынуўся ў аблозе маніфэстантаў.

Скарачэньне на дзень парадку дня паседжаньня банку і фонду было выклікана тым, што кіраўніцтва гэтых арганізацыяў не хацела ствараць дадатковыя праблемы чэскім гаспадарам. Гэта яны пацьвердзілі сёньня на прэсавай канфэрэнцыі. Праўда, прэзыдэнт Усясьветнага банку Вульфэрсан дадаў, што ня можа быць размовы пра перамогу дэманстрантаў, а кіраўнік МВФ Кэлер адзначыў, што вулічныя пратэсты ня здолелі перашкодзіць працы паседжаньня.

Удзельнікі вулічных боек у Празе хацелі сарваць паседжаньне міжнародных фінансавых арганізацыяў, заяўляючы, што іх дапамога робіць бедныя краіны яшчэ больш беднымі. Парадаксальна, што гэтыя тэзы гучалі з вуснаў жыхароў заможных краінаў Заходняй Эўропы, самымі зацятымі змагарамі з чэскай паліцыяй былі сябры італьянскай анархісцкай арганізацыі “Ya Basta”. У той жа час прадстаўнікі ўрадаў гэтых самых бедных краінаў, што бралі ўдзел у паседжаньні банку і фонду, толькі паціскалі плячыма, гледзячы на вулічную актыўнасьць сваіх “абаронцаў”. І, зразумела, зьвярталіся да фонду і Ўсясьветнага банку па дапамогу.

У прыватнасьці, віцэ-прэм’ер Беларусі Навіцкі на паседжаньні зьвярнуўся да Ўсясьветнага банку з просьбаю прафінансаваць праект энэргазьберажэньня, распрацаваны беларускім урадам. Ён таксама адзначыў зацікаўленасьць афіцыйнага Менску ў супрацоўніцтве з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі.

Праўда, у Менску кіраўніцтва краіны прамаўляе зусім іншае: што МВФ – сродак амэрыканскага ўплыву, што парады МВФ – згубныя, што заходнія стандарты для Беларусі – ня ўказ. Дзіўным чынам гэтыя шчыраваньні аказваюцца сугучнымі з лёзунгамі анархістаў, што грамілі крамы і біліся з паліцыяй на вуліцах Прагі апошнія два дні.

Юры Дракахруст, Прага


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org