RFE/RL |
Серада, 27 Верасьня 2000 |
Сёньня |
(эфір 26 верасьня) На справаздачна-выбарчай канфэрэнцыі Менскага абласнога аб’яднаньня галіновых прафсаюзаў ФПБ Уладзімер Ганчарык заявіў, што зь сёньняшняга дня падатковымі ворганамі зачынены банкаўскі рахунак аздараўляльнай прафсаюзнай арганізацыі “Беларуськурорт” ды зьбіраюцца зачыніць рахункі самой Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларускай. Але гэта не перашкодзіла яму рэкамэндаваць дэлегатам канфэрэнцыі абраць на пасаду намесьніка аднаго са старшыняў згаданага аб’яднаньня аднаго з высокапастаўленых чыноўнікаў Менскага абласнога выканкаму. Навіна,якая прагучэла з вуснаў лідэра ФПБ Ўладзімера Ганчарыка, літаральна агаломшыла 129 дэлегатаў справаздачна-выбарчае канфэрэнцыі Менскага абласнога аб’яднаньня галіновых прафсаюзаў, якая сёньня праходзіла ў залі паседжаньняў Фэдэрацыі: “Зачынены сёньня пад пэўнай нагодаю рахунак фірмы “Беларуськурорт”. І мы маем інфармацыю пра тое, што будуць зачыненыя рахункі Ўправы справаў Фэдэрацыі… І мы робім выснову — гэта дзеля зрыву трэцяга зьезду Фэдэрацыі прафсаюзаў”. Ініцыятыва гэткага перасьледу, паводле Ўладзімера Ганчарыка зыходзіць ад кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Міхала Мясьніковіча. Паведамленьне знайшло адпаведны водгук у прамовах дэпутатаў, якія абвінавачвалі ўлады ў парушэньні Закону аб прафэсійных саюзаў, у адсутнасьці па віне дзяржавы сапраўднага сацыяльнага партнэрства з самай шматлікай у краіне прафсаюзнай арганізацыяй. Выступоўцы, калі крытыкавалі ўрад ці Аляксандра Лукашэнку, дык кідалі гняўлівыя позіркі ў бок прэзыдыюму канфэрэнцыі, дзе сядзелі, акрамя іхных калегаў, уладныя чыноўнікі з абласной “вэртыкалі” на чале з намесьнікам старшыні Менскага абласнога выканкаму Ўладзімерам Дражынам. Аднак, як паказалі наступныя падзеі, на канфэрэнцыі Ўладзімер Дражын прысутнічаў не дарэмна. Зноў, як у нядаўняй сытуацыі з выбарамі на зьезьдзе кіраўніцтва БРК прафсаюзаў аграпрамысловага комплексу, тут у якасьці аднаго з кандыдатаў на выбарную пасаду быў запрапанаваны ўладны чыноўнік. На гэты раз — начальнік галоўнае ўправы кадраў Менскага абласнога выканкаму Канстанцін Хвянько. Праўда, — намесьнікам да Міхала Хаванскага, якога, дарэчы, дэлегаты пакінулі на другі тэрмін старшыняваньня ў прафаб’яднаньні. Цікава, што таварыша Хвянько рэкамэндавалі абраць на згаданую пасаду й спадар Хаванскі, і спадар Ганчарык. Адказваючы на маё пытаньне,чаму яны такое ўчынілі, Уладзімер Ганчарык патлумачыў: “Гэта кампраміснае рашэньне». І толькі Кузьма Кашэўскі, лідэр абласнога прафсаюзу работнікаў хімічнае прамысловасьці, ды яшчэ некалькі дэлегатаў назвалі гэткае рашэньне чысьцейшай вады фарсам. Алесь Мікалайчанка, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |