RFE/RL |
Аўторак, 26 Верасьня 2000 |
Сёньня |
(эфір 26 верасьня) Падобна, цягам бліжэйшага часу ў радыйным эфіры зьявіцца чарговая FM-станцыя. Працоўная назва, зарэгістраваная ў Дзяржаўнай інспэкцыі электрасувязі — “Радыё БДУ”. Але лягічныя меркаваньні, што эфір будзе ў нечым адукацыйным і, тым больш, беларускамоўным, ня маюць падставаў: стылістыка “Радыё БДУ” мала чым будзе адрозьнівацца ад аналягічных расейскамоўных радыёстанцыяў. Што падштурхнула кіраўніцтва Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту да выхаду ў эфір, можна толькі здагадвацца. Але вядома, што статус новага праекту некалькі разоў зьмяняўся. Спачатку ліцэнзію на экспэрымэнтальную хвалю 95,5 выдалі выключна БДУ. Потым графа “суб’ект гаспадараньня” была падкарэктаваная. Паводле зьвестак, разам зь Белдзяржунівэрсытэтам сузаснавальнікам новага радыё маецца быць рэклямная агенцыя зь Нямеччыны “ІР”. У свой час гэта камэрцыйная структура трымала кантрольны пакет рэклямы на БТ, але згортваньне дзелавой актыўнасьці вымусіла немцаў пакінуць беларускі рынак. Зараз — чарговы экспэрымэнт. “Радыё БДУ” маецца стаць шостай расейскамоўнай радыёстанцыяй зь сямі, што прапісаныя ў FM-эфіры. Адзін з тых, хто адказвае за рэалізацыю новага праекту, дэкан факультэту журналістыкі БДУ Васіль Вераб’ёў. Але спадар Вераб’ёў лічыць, што рабіць нейкія высновы яшчэ зарана. (Вераб’ёў: ) “Гэта пакуль ўсё ж у плянах, праектах, дамоўленасьцях. Тое, што зь немцамі – гэта так: 51 адсотка нашая, іх – 49. У прынцыпе, гэта прадумана. Я думаю, што вось пасьля кастрычніцкіх, калі будзе чарговая гадавіна ўнівэрсытэту, будзе больш-менш яснасьць, як там будзе разьвівацца”. Ніводная з навучальных установаў Беларусі ня мае такіх прывілеяў, як Белдзяржунівэрсытэт. Ягоны рэктар Аляксандар Казулін наогул мае міністэркі статус і карыстаецца асабістай прыхільнасьцю Аляксандра Лукашэнкі. Яшчэ адна крыніца стабільных паступленьняў — гуманітарныя гранты па лініі эўрапейскіх навучальных праграмаў. Да выраўноўваньня шматлікіх курсаў даляра БДУ быў адзінай установаю, дзе плата за камэрцыйнае навучаньне лічылася паводле курсу “Камароўкі”. Таму, у адрозьненьні ад іншых ВНУ, унівэрсытэт ня мае праблемаў ані зь бюджэтным, ані з вонкавым фінансаваньнем. Глябальнае пераабсталяваньне ўнутранага дворыка й бягучы рамонт навучальных карпусоў сьведчыць, што вольныя грошы ў БДУ ёсьць. Іншая справа, што такі сур’ёзны праект, як радыёстанцыя, патрабуе ня толькі першапачатковых, але й штодзённых інвэстыцыяў. Што тычыцца другога прышэсьця фірмы “ІР” ў Беларусь, дык немцы па-ранейшаму ўпарта разьлічваюць на даходы ад рэклямы. Калі выйдуць у эфір адмысловыя праграмы — цалкам залежыць ад рэктара БДУ Казуліна. Але кажуць, што пачатак вяшчаньня хочуць прымеркаваць да пераезду факультэту журналістыкі ў новы будынак на вуліцы Кальварыйскай. Тут плянуецца разьмясьціць і студыі. Таксама вядома, што на пасаду праграмнага дырэктара “Радыё БДУ” запрошаны Павал Бараноўскі, былы ды-джэй спачатку радыё “Бі-Эй”, потым “Альфа-радыё”, які спэцыялізаваўся на францускай музыцы. Пра здольнасьці Бараноўскага як арганізатара нічога не вядома. Але экскурс у ягоную творчасьць сьведчыць, што густы былога ды-джэя знаходзяцца па-за беларускай музычнай культураю. Ігар Карней, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |