RFE/RL |
Аўторак, 26 Верасьня 2000 |
Сёньня |
Беларускія палітыкі камэнтуюць папярэднія вынікі і магчымыя наступствы выбараў у Югаславіі і для гэтай краіны, і для Беларусі. Яшчэ афіцыйна вынікі выбараў у Югаславіі не абвешчаныя, але, як мяркуе былы намесьнік міністра замежных справаў і кіраўнік Хартыі-97 Андрэй Саньнікаў, ужо відавочна, што Мілошавіч прайграў гэтыя выбары, і што б ён зараз ні рабіў, сьвет ужо ведае, што на гэтых выбарах перамагла югаслаўская апазыцыя. (Саньнікаў: ) “Югаславія павінная зараз выбраць аптымальны варыянт пераходу да новага ладу жыцьця. Гэта вельмі важна для Беларусі, таму што мы ведаем, як югаслаўская апазыцыя спрабавала і праз мясцовыя, і праз парлямэнцкія выбары паўплываць на сытуацыю, але гэта немагчыма было, таму што пакідала Мілошавічу магчымасьць маніпуляваць парлямэнтам і ўвогуле ўладамі. Гэта тое, што будзе адбывацца і ў Беларусі, гэта тое, што прагназуе аб’яднаная апазыцыя. Дэмакратычныя сілы менавіта на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі атрымаюць свой шанц, і калі б яны адбыліся сёньня, то ў Лукашэнкі не было б ніякая магчымасьці захаваць уладу”. Паміж прадстаўнікамі беларускай і югаслаўскай апазыцыі існавала пэўнае спаборніцтва наконт таго, хто першым даможацца сыходу дыктатара. Як лічыць старшыня партыі БНФ “Адраджэньне” Вінцук Вячорка, перашй гэта здолела зрабіць югаслаўская апазыцыя. (Вячорка: ) “Цяпер мне нічога не застаецца, як зычыць нашым сэрбскім сябрам перамогі, як мага выразьнейшай перамогі, таму што іхная перамога бясспрэчна дапаможа нам і прывядзе да зьнявераньня прыхільнікаў рэжыму Лукашэнкі”. Старшыня Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ўважае, што калі б на выбарах перамог Мілошавіч, афіцыйны цэнтарвыбаркам ужо б абвесьціў вынікі выбараў. Лябедзька мяркуе, што зараз у Югаславіі зьявіўся шанц, таму што людзі гэтай краіны прадэманстравалі жаданьне быць інтэграванымі ў эўрапейскія структуры, і тое, што зараз адбываецца ў Югаславіі, пэўным чынам адбіваецца і на разгортваньні падзеяў у Беларусі. У міністэрстве замежных справаў Беларусі пакуль не зьбіраюцца камэнтаваць вынікі выбараў у Югаславіі. Гаворыць прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка: (Латушка: ) “Па-першае, хачу сказаць, што пакуль што невядомыя афіцыйныя вынікі выбараў у Югаславіі, таму пакуль няма чаго камэнтаваць”. Павала Латушка сказаў, што калі будуць вядомыя афіцыйныя вынікі выбараў, ён абавязкова падасьць нашаму Радыё пазыцыю МЗС на гэты конт. Ганна Соўсь, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |