RFE/RL |
Аўторак, 26 Верасьня 2000 |
Сёньня |
Паралельна з кампаніяй байкоту выбараў у гэтак званы «парлямэнт» («палату прадстаўнікоў»), якую праводзіць аб’яднаная беларуская апазыцыя, «Малады Фронт» працягвае ладзіць шэраг акцыяў пад агульным назовам “Вырабы–2000”. Праз гумар маладафронтаўцы паказваюць, як яны кажуць, абсурднасьць восеньскага выбарчага фарсу. На пачатку яны калекцыянавалі ўлёткі прэтэндэнтаў на «парлямэнцкія» крэслы, а цяпер распачалі свае хаджэньні на сустрэчы кандыдатаў з выбаршчыкамі й ператвараюць гэтыя сходы ў апазыцыйныя акцыі. На нядаўняй сустрэчы з выбаршчыкамі кандыдат у дэпутаты ў Старажоўскай выбарчай акрузе Менску спадар Марозаў гутарыў зь людзьмі ў двары аднаго з дамоў. Да нешматлікай групкі пэнсіянэраў далучыліся некалькі сяброў «Маладога Фронту» і пачалі задаваць спадару Марозаву непрыемныя для яго пытаньні. Ад адказаў зьніякавелага кандыдата ў дэпутаты прысутныя пачалі сьмяяцца. Як кажуць маладафронтаўцы, так весела бывае толькі на цыркавых прадстаўленьнях. Гэты выпадак акрыліў удзельнікаў кампаніі “Вырабы–2000”. І цяпер толькі ў Менску працуе зь дзясятак такіх “вырабчых патрулёў”. «Малады Фронт» працягвае зьбіраць і пісьмовыя агітацыйныя шэдэўры. (Чарняеў: ) “Усе гэтыя рэчы пішуцца ці не адной рукой чалвека, які дрэнна вучыўся ў школе і ня ведае ні беларускай, ні расейскай моваў”. Вось такое ўражаньне склалася пасьля чытаньня улётак ў намесьніка старшыні «Маладога Фронту» Аляксея Чарняева. Самыя цікавыя ўлёткі былі прадстаўленыя сёньня журналістам. У адной зь іх напісана: “Калі вам неабыякавае сёньняшняе і заўтрашняе жыцьцё вашых дзяцей, калі вам дарагі ўласны лёс, — просім прыйсьці вас на сустрэчу з кандыдатам у дэпутаты Ігарам Курловічам”. Партыя камуністаў беларуская ў выбарчай агітацыі выкарыстоўвае факт зьбядненьня людзей. І прыводзіць спажывецкія цэны й прыбытак людзей у далярах ЗША. З чаго старшыня «Маладога Фронту» Павал Севярынец зрабіў выснову: (Севярынец: ) “Нам здаецца, што ў дадзенай сытуацыі больш правільна будзе называць яе Партыяй капіталістаў Беларусі, бо “лозунги нашей партии просты и понятны: свобода, благосостояние и порядок”. Калі мы параўнаем гэта ўсё з клясычным “Свабода, роўнасьць і братэрства” – дык свабода засталася, роўнасьць замяніў дабрабыт (яўна буржуйскі), ну а замест братэрства застаўся яўна рэакцыйны парадак”. Не адстаюць ад палітычных партыяў у арыгінальнасьці тэкстаў улётак і незалежныя кандыдаты. Аляксей Чарняеў працягвае свой філялягічны аналіз: (Чарняеў: ) “Спадар Фядута нічога не абяцае. Ён проста кажа, што трэба зрабіць: зьнізіць падаткі, павялічыць аплату працы. Ён не абяцае нешта зрабіць. Ён проста піша, што вось трэба, і ўсё. А хто будзе рабіць? Мабыць, Пушкін”. Далей «Малады Фронт» маецца ладзіць моладзевыя публічныя акцыі, цягам якіх яны будуць заклікаць людзей ня ўдзельнічаць у выбарах. Плянуецца, што акцыі будуць адбывацца ля будынкаў вышэйшых навучальных установаў і ў студэнцкіх гарадкох. Ягор Маёрчык, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |