RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 26 Верасьня 2000

Сёньня



Каардынацыйная рада ў назіраньні за парлямэнцкімі выбарамі ў Беларусі, якая аб’ядноўвае ўсіх унутраных назіральнікаў, правяла сёньня ў Менску сваё паседжаньне. На яго былі запрошаныя кіраўнікі абласных філіяў і некаторых раённых.

Паводле старшыні Каардынацыйнае рады Мечыслава Грыба, падрыхтавана ўжо каля чатырох тысячаў назіральнікаў. Амаль усе яны прайшлі праз сыстэму адмысловых сэмінараў. Зараз да адукацыі прыцягваюцца тыя асобы, што заявілі пра сваё жаданьне далучыцца да гэтае працы пазьней. Кожны патэнцыйны ўдзельнік гэтай акцыі мае магчымасьць атрымаць адмысловую інструкцыю для незалежнага грамадзкага назіральніка.

Гаворыць старшыня Рады Мечыслаў Грыб:

(Грыб: ) “Мы зьбіраліся адзін ці два разы ў месяц, а цяпер будзем зьбірацца часьцей. У нас ёсьць пытаньні, як падрыхтавалі наглядальнікаў, колькі падрыхтавалі, як стварылі участковыя выбарчыя камісіі, хто туды не ўваходзіць, каму адмовілі, што ў нас атрымліваецца з кандыдатамі ў дэпутаты, колькі было, колькім адмовілі, колькі зарэгістравалі, адкуль гэтыя людзі…”

Гэта быў кіраўнік Каардынацыйнае рады ў назіраньні за выбарамі Мечыслаў Грыб.

Кіраўнікі абласных філіяў дакладалі сёньня пра свае справы. Вось фрагмэнт выступу кіраўніцы Менскай абласной арганізацыі Зінаіды Ганцук:

(Ганцук: ) “Я зьвярнула ўвагу на тое, што Менская выбарчая акруга знаходзіцца вакол нашай сталіцы, але яна вельмі мала ўвагі заслужыла, відаць, ад нашых палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, таму што ў многіх раёнах не былі свораныя дзейсныя структуры, альбо ўвогуле такіх структураў не было, як і палітычных партыяў акрамя БНФ. Таму было вельмі складана ствараць сетку па ўсіх раёнах. Мы пачалі ствараць сетку з сакавіка. За гэты час мы правялі ўжо 17 сэмінараў у падрыхтоўцы наглядальнікаў і хачу заўважыць, што ў такіх раёнах, як Барысаўскі, Маладэчанскі, на якія раней была зьвернутая ўвага грамадзкіх арганізацыяў, там гэты працэс праходзіў больш хутка і плённа. Заўважу, што людзі вельмі цікавяцца, і ў апошнія месяцы самі ідуць да нашых каардынатараў, калі атрымліваюць інфармацыю, і прапаноўваюць свае паслугі”.

Гэта была старшыня менскае абласное Каардынацыйнае рады ў назіраньні за выбарамі Зінаіда Ганцук.

З досьведу назіральнікаў вылучаюцца галоўныя парушэньні, зафіксаваныя ў часе выбарчае кампаніі. Гэта — адсутнасьць роўнасьці ў спраўджаньні подпісаў для рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Праўрадавым кандыдатам акруговыя камісіі стваралі рэжым найбольшага спрыяньня, у дэмакратычных кандыдатаў уважліва правяралі кожны подпіс.

Цэнтравыбаркам, які разглядаў скаргі незарэгістраваных кандыдатаў, на думку наглядальнікаў, таксама адносіўся да іх па-рознаму. Да таго ж бальшыня тых, хто падаў скаргі, сьцьвярджалі, што ім не далі матэрыялы спраўджаньня ў іхных справах. Ёсьць і іншыя парушэньні.

На паседжаньне Рады завітала й кіраўніца місіі тэхнічных экспэртаў у Беларусі Элізабэт Расмусан. Зыходзячы з уласнага досьведу, а яна працавала два гады ў Босьніі, спадарыня Расмусан зазначыла, што галоўныя дэмакратызатары выбарчага працэсу — гэта ўнутраныя назіральнікі. Кіраўніца місіі заклікала беларускіх назіральнікаў быць нэўтральнымі й зыходзіць у сваёй працы не з палітычных сымпатыяў, а толькі з рэальных фактаў.

Уладзімер Глод, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org