RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 26 Верасьня 2000

Сёньня:



Рашэньне беларускага кіраўніцтва ўвесьці мытны кантроль для ўвозу тавараў з Расеі можна расцэньваць у першую чаргу як палітычны крок. Але ж для яго ёсьць і вельмі істотныя эканамічныя падставы. Ва ўсялякім разе можна казаць пра тое, што мытны саюз аказаўся нядзеяздольным.

Мытны кантроль будзе ўведзены з 1 кастрычніка. Паколькі гэты крок стаў нечаканасьцю для шматлікіх беларускіх прадпрыемстваў, якім прыйдзецца працаваць у новых умовах, беларуская мытня ўжо пачала даваць тлумачэньні.

Мытны кантроль тычыцца толькі тавараў з трэціх краінаў, якія прайшлі мытнае афармленьне ў Расеі. Тавары, якія былі вырабленыя ў Расеі і Беларусі, дэкляраваньню ня падлягаюць. Тавары з трэціх краінаў прадпрымальнікам давядзецца афармляць паводле поўнае праграмы — будуць ужывацца як тарыфныя, гэтак і нетарыфныя мэтоды.

Заяўляць пра ўвоз тавараў трэба ў мытныя ворганы на месцы рэгістрацыі не пазьней, як за 15 дзён пасьля дастаўкі тавару. Прад’яўленьне саміх тавараў не патрэбнае, за выключэньнем тых, на якія трэба клеіць акцызныя маркі. Да атрыманьня дазволу мытні, прадпрымальнікі ня могуць карыстацца таварам або распаўсюджваць яго.

Але факт уводу мытнага кантролю — ня толькі зьмена правілаў працы беларускіх і расейскіх прадпрыемстваў. Сапраўдныя прычыны й магчымыя вынікі такога рашэньня беларускага кіраўніцтва камэнтуе першы намесьнік галоўнага рэдактара “Белорусской деловой газеты”, экспэрт у мытных пытаньнях Сьвятлана Калінкіна:

“Большасьць камэнтароў з нагоды ўводу мытных пастоў беларускім бокам гучыць так — што гэта хутчэй палітычны крок, што Беларусь такім чынам вырашыла неяк адэкватна адказаць Расеі і прадэманстраваць, што яна незадаволеная правалам доўгіх перамоваў ва ўзгадненьні мытных праблемаў. На мой погляд, гэта не зусім так. Мне падаецца, што ў Беларусі вельмі вялікія праблемы з фармаваньнем прыбытковае часткі бюджэту. Паводле некаторых дадзеных, сёлета, пасля ўводу мытнага кантролю расейскім бокам, беларуская мытня атрымала на 30 адсоткаў менш, чым плянавалася. Можна казаць пра тое, што гэтыя прыбыткі мусілі былі быць атрыманыя за афармленьне тавараў з трэціх краінаў, якія ішлі на расейскі рынак. Беларускія стаўкі былі менш за расейскія, і Беларусь менавіта гэтым карысталася. Мытня заўсёды значна перавыконвала плян у фармаваньні бюджэту. Сёлета Расея паставіла беларускую мытню на месца, і была разбураная ўся структура выкананьня бюджэту. Мне здаецца, гэта апошняя спроба эканамічна завяршыць год. Наколькі яна будзе ўдалаю, сказаць складана. Таму што сёньня ў Беларусі ўжо няма сродкаў. У большасьці стаўкі мытных пошлінаў у Беларусі й Расеі сталі аднолькавыя. І Беларусь страціла галоўную крыніцу даходаў — яна ня можа гуляць на розьніцы мытных пошлінаў”, — лічыць першы намесьнік галоўнага рэдактара “Белорусской деловой газеты” Сьвятлана Калінкіна.

Ганна Навумовіч, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org