RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 25 Верасьня 2000

Сёньня



Гарадзкiя ўлады Менску спрабуюць забаранiць прызначаны на 1 кастрычнiка “Марш Свабоды-3”, бо iм не падабаецца ягоная антывыбарчая скiраванасьць. Лукашэнкаў куратар сталiцы Аляксандар Сазонаў заявiў, што не дазволiць заклiкаў да байкоту выбараў у “палату прадстаўнiкоў”, але арганiзатары маршу кажуць, што акцыя абавязкова адзбудзецца.

Сёньня менскi гарадзкi выканкам разглядаў заяву больш як 100 грамадзянаў Беларусi, якiя хочуць правесьцi ў нядзелю трэцi “Марш Свабоды”. Папярэднiя два маршы традыцыйна пачыналiся на плошчы Якуба Коласа, але напрыканцы лета плошча была зачыненая на працяглую рэканструкцыю, што супадае з дзьвюма выбарчымi кампанiямi – сёлетняй ды прэзыдэнцкай 2001 году.

Арганiзатары “Маршу Свабоды” 1 кастрычнiка заплянавалi збор удзельнiкаў каля Акадэмii навук, а гарадзкiя ўлады прапанавалi толькi плошчу Бангалёр ды заявiлi: нiякiх праспэктаў, нiякiх шэсьцяў. Паводле словаў аднаго з iнiцыятараў маршу, сакратара ўправы БНФ Аляксея Кавальца, якi быў прысутны на паседжаньнi выканкаму, раглядам заявы кіраваў лукашэнкаў куратар Менску Аляксандар Сазонаў.

(Кавалец: ) “Сазонаў выказаўся (ўвогуле гэта нас абурыла, Хадыка проста паставiў яго на месца): мы вам забараняем выкарыстоўваць плякаты пра байкот на манiфэстацыi i выступаць за байкот выбараў на мiтынгу. Хадыка сказаў: вы яшчэ, можа, будзеце рабiць нам даклады на мiтынгу цi лiцэнзаваць iх?”

Паведамiў Аляксей Кавалец.

Ён дадаў, што арганiзатары “Маршу Свабоды” пагаджалiся зьмянiць маршрут шэсьця, напрыклад, замест плошчы Незалежнасьцi пайсьцi да опэрнага тэатру або на праспэкт Машэрава да палацу спорту, аднак улады казалi: Бангалёр i ўсё. Нягледзячы на супрацьдзеяньне чыноўнiкаў, iнiцыятары акцыi ўпэўненыя, што марш 1 кастрычнiка абавязкова адбудзецца:

(Кавалец: ) “Мэханiзм запушчаны, ён ня можа не адбыцца, i збор будзе там. Яны адзiнае што прапанавалi нам: так, збор ля Акадэмii навук, але на Бангалёр па Сурганава адразу”.

Гаварыў сакратар управы БНФ Аляксей Кавалец.

Ён сказаў таксама, што адказ ад гарвыканкаму можа прыйсьці ўжо сёньня, хоць на паседжаньні нічога вырашана не было. У сталічным выканкаме адмовіліся камэнтаваць вынікі разгляду заявы арганізатараў “Маршу свабоды” ды параілі дачакацца афіцыйнага рашэньня – адмовы або дазволу.

Юры Сьвiрко, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org