RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 25 Верасьня 2000

Сёньня



Менская міліцыя ўчора жорстка заціснула акцыю беларускіх анархістаў, якія пратэставалі супраць гэтак званай ўсясьветнай глябалізацыі. У выніку, былі затрыманыя чацьвёра анархістаў і два журналісты. Усіх іх абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванай акцыі і ў дробным хуліганстве.

Сябры Беларускай фэдэрацыі анархістаў і групы “Чырвоны жонд” арганізавалі свой рэвалюцыйны пэрфоманс на знак салідарнасьці з паплечнікамі, якія цяпер у Празе пратэстуюць супраць глябалізацыі эканомікі, палітыкі й культуры. У Празе, як вядома, гэтымі днямі адбываецца штогадовы сход прадстаўнікоў Міжнароднага валютнага фонду і Ўсясьветнага банку. Анархістам, ды іншым левым вельмі не падабаецца, што ў сьвеце ідуць аб’яднаўчыя працэсы, канцэрны- манапалісты захопліваюць новыя рынкі збыту і г.д, што на, іх думку, нясе пагрозу свабодзе і нацыянальнай самабытнасьці народаў.

Прыкладна 50 беларускіх праціўнікаў глябалізацыі захапілі ў Менску пусты будынак (прызначаны пад знос) па вуліцы Мясьнікова, вывесілі на ім свае – чырвоныя з чорнай зоркай – сьцягі й на працягу гадзіны праводзілі ў камяніцы канцэрты, конкурсы графіці і да падобныя мерапрыемствы, але сьвята працягвалася нядоўга. Гаворыць адзін з арганізатараў акцыі Алесь Мазур:

(Мазур: ) “Так працягвалася прыкладна гадзіну, а пасьля зьявілася міліцыя. У выніку пачалася сутычка, прычым вельмі жорсткая, таму што нават дзяўчатаў вельмі жорстка пазьбівалі”.

У выніку міліцыянты схапілі Станіслава Пачобута, Юрыя Шульгана, Насьцю Неказакаву й непаўнагадовую Вольгу Мартыненку, а таксама фотакарэспандэнта газэты “Наша Свабода” Уладзімера Шлапака ды апэратара “8-га тэлеканалу” Івана Мураўёва, якія прысутнічалі на акцыі. Вось што паведаміў нашаму радыё сп.Шлапак:

(Шлапак: ) “Нас затрымалі, прывезьлі ва ўчастак. Там абшукалі, забралі шнуркі, рамяні, хоць мы пратэставалі. Нам казалі, што яны выконваюць сваю працу. Афіцэр міліцыі, які камандаваў гэтым, маёр, адказаў, што журналісты павінныя бываць на тых акцыях, якія праводзіць дзяржава”.

Журналістаў з пастарунку выпусьцілі толькі праз тры гадзіны, папярэдне сапсаваўшы ім фота й відэастужкі. Непаўнагадовую Вольгу Мартыненку ў міліцыі Маскоўскага раёну трымалі каля пяці гадзінаў. А вось што было з астатнімі затрыманымі. Распавядае Станіслаў Пачобут:

(Пачобут: ) “Нас усіх пачадзілі проста ў камэры, пасьля чаго, тры гадзіны пратрымаўшы, далі падпісаць патакол і адвевзьлі на ноч у ізалятар часовага ўтрыманьня. Потым прывезьлі назад у РАУС, дзе над намі адбыўся суд. Нам інкрымінавалі, што мы лаяліся матам, брыдка сябе паводзілі і справакавалі бойку зь міліцыяй”.

Усіх затрыманых суд сёньня пакараў штрафам у два мінімальныя заробкі. У Маскоўскім райаддзеле міліцыі адмовіліся паведамляць на якой падставе былі затрыманыя ўдзельнікі акцыі й журналісты.
Арганізатар жа анархісцкага пэрфомансу Алесь Мазур зьвязвае жорсткія паводзіны міліцыянтаў з правядзеньнем апазыцыяй кампаніі байкоту выбараў. Сп.Мазур лічыць, што ў міліцыі ёсьць загад спыняць любыя несанкцыянаваныя грамадзка-палітычныя акцыі. Тым ня менш спыняць пратэсты супраць глябалізацыі анархісты намеру ня маюць. Алесь Мазур працягвае:

(Мазур: ) “Хоць нашыя ўлады і дэкляруюць, што яны супраць глябалізацыі, а на самай справе ў Беларусі адбываюцца тыя ж працэсы, як і па ўсім сьвеце. Толькі з адным адрозьненьнем, што замест амэрыканскіх карпарацыяў у Беларусі пануюць расейскія карпарацыі кшталту Лукойлу ці Газпраму. Іх палітыка, іх дзеяньні фактычна аднолькавыя з дзеяньнямі сусьветных карпарацыяў. Яны ня ўлічваюць інтарэсы нашай краіны”.

Паведаміў нашаму Радыё арганізатар пэрфомансу анархістаў Алесь Мазур.

Альгерд Невяроўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org