RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 25 Верасьня 2000

Сёньня



(эфір 23 верасьня)
Прадстаўнікі аб’яднанай апазыцыі арганізавалі сёньня ў Менску шэсьць сустрэчаў з выбаршчыкамі, каб патлумачыць людзям сваю пазыцыю адносна восеньнскіх выбараў у гэтак званую “палату прадстаўнікоў”. Наш карэспандэнт наведаў адну з такіх сустрэчаў, каб высьветліць ці падтрымліваюць грамадзяне ідэю байкоту выбараў.

Сустрэча апазыцыянэраў з выбаршчыкамі каля станцыі мэтро “Інстытут культуры” доўжылася прыкладна паўтары гадзіны. Арганізатары акцыі разгарнулі традыцыйны транспарант “Байкот-2000” і раздавалі мінакам спэцвыпуск “Народнай волі”. Людзі газэты бралі ахвотна, але ў дыскусіі з апазыцыянэрамі амаль не ўступалі. Я пацікавіўся ў мінакоў: “Ці падтрымліваюць яны ідэю байкоту выбараў?”, і вось якія атрымаў адказы:

(Жаночы голас: ) “Шчыра кажучы, ня ведаю. У мяне пакуль іншыя праблемы.У кожным выпадку, я не за наш урад, бо тое, што яны абяцалі, таго мы не атрымалі. Хаця б дапамогу маленькім дзецям”.

(Мужчынскі голас: ) “Ня ведаю, як гэтая сытуацыя будзе разьвівацца. У мяне занадта шмат праблемаў, каб траціць намаганьні або ў абароны апазыцыі, або ў абарону ўлады”.

(Жаночы голас: ) “За байкот – нельга, бо мы жывем у такой краіне, што трэба выбіраць, але чалавека дастойнага”.

(Мужчынскі голас: ) “Станоўча. Без тлумачэньняў”.

(Мужчынскі голас: ) “Я супраць гэтага. Трэба ісьці на выбары, бо нічога ня зьменіцца ў гэтай краіне, калі мы будзем адседжвацца за сьпінай у некага”.

(Мужчынскі голас: ) “Няясна, за каго галасаваць. Няма лідэра. Лідэры ўсе на выгнаньні. Я наўрад ці пайду на авыбары”.

(Жаночы голас: ) “Нашыя выбары будуць як заўсёды незаконныя. Я буду галасаваць, але не пераканая, што мой голас пойдзе за таго, за каго я прагаласавала”.

(Жаночы голас: ) “Мы пойдзем”ю

(Жаночы голас: ) “Мы за Лукашэнку”.

(Жаночы голас: ) “А што толку ісьці. Усё роўна нічога ня зьменіцца. Заробкі малыя, цэны вялікія. Паспрабуй пражыві з малым дзіцяцем”.

(Мужчынскі голас: ) “Калі падумаць, дык Лукашэнка імкнецца, змагаецца…Яму аднаму справіцца вельмі цяжка”.

(Жаночы голас: ) “Я ня ведаю…”

(Мужчынскі голас: ) “Што Вы, пакараюць нас… Зьнішчылі некалькі вядомых, а тут простага ня зьнішчаць…”

(Мужчынскі голас: ) “Гэта ня выхад – выбары…”

(Мужчынскі голас: ) “Слаба дзейнічае апазыцыя, не чуваць яе ні па радыё, ні па тэлевізары. Не даюць…”

Як бачна, адзінай думкі ўдзельнічаць у выбарах ці не ў людзей няма. Пры гэтым многія выбаршчыкі казалі, што хаця й падтрымліваюць ідэю байкота, тым ня менш на выбары пойдуць.

За правядзеньнем гэтага апытаньня назірала дэпутат Вярхоўнага Савету Людміла Гразнова. Вось яе кароткі камэнтар:

(Гразнова: ) “Яны проста ня маюць інфармацыі. Яны нешта чулі апошнія дні, яны яшчэ не перастрававалі гэтую інфармацыю, яны яшчэ не абгаварылі з суседзямі, з роднымі. Я думаю, што гэта першая рэакцыя на байкот і неразуменьне сытуацыі. Патрэбны час”.

Сустрэчам апазыцыі з выбаршчыкамі міліцыя сёньня не перашкаджала, хаця паводле некаторых зьвестак у раёне пляцу Якуба Коласа была затрыманая актывістка Галіна Куніна, якая раздавала мінакам спэцыяльны выпуск “Народнай волі”.

Альгерд Невяроўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org