RFE/RL |
Панядзелак, 25 Верасьня 2000 |
Сёньня |
Сёньня ўвечары стала вядома, што Менскі гарадзскі выканаўчы камітэт дазволіў правядзеньне 1 кастрычніка Маршу Свабоды-3. Адразу ж пасьля паседжаньня ў Менгарвыканкаме на сувязь з намі выйшаў прэсавы сакратар грамадзкай ініцыятывы “Хартыя-97” Алег Бябенін. (Бябенін: ) “Сёньня ў поўнай адпаведнасьці з законам, за 5 дзён да Маршу Свабоды, гарадзкія ўлады Менску далі дазвол на правядзеньне гэтай акцыі. Яны легалізавалі месца збору ўдзельнікаў Марша Свабоды – 1 кастрычніка, станцыя мэтро Акадэмія Навук. Адтуль удзельнікам акцыі дазволена прайсьці па вызначаных цэнтральных вуліцах да плошчы Бангалёр, дзе і павінен адбыцца мітынг”. (Маёрчык: ) “Ці былі нейкія адмысловыя пажаданьні да арганізатараў маючага адбыцца Маршу Свабоды?” (Бябенін: ) “Асноўная прэтэнзія была, што нібыта Марш Свабоды ладзіцца за байкот выбараў 15 кастрычніка. Але ж калі разабраліся, што Марш Свабоды праводзіцца супраць выбарчага фарсу, за сумленныя, справядлівыя выбары, то ўсе прэтэнзіі былі зьнятыя”. (Маёрчык: ) “На якую колькасьць разьлічваюць арганізатары?” (Бябенін: ) “У Маршы Свабоды прымуць удзел да 100 тысяч чалавек”. (Маёрчык: ) “Колькі будзе доўжыцца акцыя? Вы сказалі, што пачатак у 12 гадзінаў…” (Бябенін: ) “У 12 гадзінаў. Поўгадзіны на збор, і адтуль паўтары-дзьве гадзіны – шэсьце да Бангалёру, і там некалькі гадзінаў мітынг. Усім гэтым шэсьцем яго ўдзельнікі падкрэсьліваюць, што яны выступаюць супраць выбарчага фарсу, што яны выступаюць за свабодныя і сумленныя выбары. Гэта будзе лейтматывам усёй акцыі. Ад мастацкага афармленьня да выступаў выступоўцаў. Сярод іх, я магу ўжо зараз сказаць, будуць вядомыя палітычныя і грамадзкія дзеячы розных палітычных плыняў, якія прадстаўляюць усю аб’яднаную дэмакратычную апазыцыю”. (Маёрчык: ) “Ці чакаеце Вы нейкіх замежных арганізацыяў?” (Бябенін: ) “За Маршам Свабоды будуць назіраць ня толькі розныя міжнародныя структуры, але і шмат праваабарончых арганізацыяў. Сусьветная супольнасьць будзе вельмі пільна сачыць за гэтай акцыяй”. Такім чынам, улады Менску дазволілі правядзеньне Маршу Свабоды-3. Ён адбудзецца 1-га кастрычніка. Пачатак шэсьця а 12-й гадзіне ля станцыі метро Акадэмія Навук. Ягор Маёрчык, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |