RFE/RL |
Панядзелак, 25 Верасьня 2000 |
Сёньня |
Сёньня 235 год з дня нараджэньня славутага кампазытара, дыплямата, паўстанца Міхала Клеафаса Агінскага. Напярэдадні, у нядзелю, у мястэчку Залесьсе на Смаргоншчыне, дзе сям’я Агінскіх пражыла больш за 20 гадоў, адбылася сьвяточная імпрэза. Але сьвята атрымалася з сумным падтэкстам: цудоўная мясьціна, некалі названая сучасьнікамі Агінскага Паўночнымі Афінамі, гіне пад гнётам часу. Насуперак спадзяваньням, масавага паломніцтва аматараў мазуркаў ды паланэзаў у Залесьсе не было. Рэшткі былой раскошы мала спрыяюць размовам аб высокіх пачуцьцях. Прамыя нашчадкі Агінскага, якія зараз жывуць пераважна ў Англіі, адзначаюць чарговую гадавіну ў Гузаве пад Варшавай, дзе Міхал Клеафас нарадзіўся 235 год таму. Ды і ўвогуле мерапрыемства ў Залесьсі адбылося выключна дзякуючы намаганьням мастака-рэстаўратара Сяргея Верамейчыка. 10 год таму, на хвалі адраджэньня, Верамейчык пакінуў Менск з намерам паспрыяць аднаўленьню фальварка. Менавіта тады, ў 90-ым годзе, на гістарычных руінах упершыню загучалі гукі палянэзу: так заявіў пра сябе створаны Верамейчыкам дзіцячы тэатар “Альтанка”. Але вайна з бюракратыяй пакуль не на карысьць Верамейчыка: аднаўленчыя працы ў некалі велічным маёнтку амаль не вядуцца. Таму заяўляць пра сябе даводзіцца пераважна юбілейнымі імпрэзамі. Гаворыць Сяргей Верамейчык. (Верамейчык: ) “Гэта было ўжо дзясятае сьвята. Яно называлася “Пошукі бэльвэдэра”. Каля бэльвэдэра, які мы знайшлі ў парку, было месца для гледачоў, была сцэна, было больш за 100 чалавек. Прыяжджала суполка студэнтаў зь Віцебску, зь Менску быў гурт-трыо “Старажытная Літва”. “Альтанка” сьпявала ўрыўкі з опэры “Вечар у Паўночных Афінах”. Гэта гульня ў опэру. “Ратуша” была з Гародні. Яны прывезьлі Шалкевіча, Шалкевіч тут выступаў. Мы бэльвэдэр шукалі паводле паэмы Аляксандра Ходзькі 1922 года “Залесьсе”. У ёй мы знайшлі бэльвэдэр і па ёй шукалі. Ён застаўся з часоў Агінскіх. У маёнтку была выстава гурта дзіцячых працаў “Апалонік”, партрэты Агінскага, маёнтак…” Больш за 20 гадоў сям’я Агінскіх пражыла ў Залесьсі. Менавіта тут быў створаны знакаміты палянэз ля-мінор, які сасланыя ў Сібір ўдзельнікі паўстаньня пазьней назвалі “Разьвітаньне з Радзімай”. Найгоршыя для маёнтка дні наступілі пасьля верасьня 1939 году. Першае, што зрабілі бальшавікі, гэта ўшчэнт разрабавалі бясцэнную маёмасьць. Хутка апусьцелыя пакоі былі перапрафіляваны ў ведамасны дом адпачынку. Пасьля вайны тут разьмясьцілі дом састарэлых. Напачатку 70-ых парадкам апаганеная тэрыторыя перадаецца на балянс завода “Смаргоньсілікатабетон”, і ў хуткім часе тут адчыняецца прафілякторыя для рабочых. А калі побач быў пабудаваны стацыянарны дом адпачынку, сядзіба наогул аказалася без гаспадара. Барварскае расьцягваньне маёнтку на будаўнічыя матэрыялы ўвайшло ў новую стадыю. Велічныя ангельскі ды французкі паркі зарасьлі і зьдзічэлі. На ўзроўні райкама КПБ нават абмяркоўвалася пытаньне, так бы мовіць, “бульдозернай атакі”: на месцы сядзібы зьбіраліся пабудаваць машынна-трактарны стан. Напачатку 90-ых у Залесьсі зьявіўся польскі камэрсант-будаўнік Тадэвуш Полак, які браўся аднавіць сядзібу цягам году. Але пакуль рэспубліканскія бюракраты высьвятлялі, у чыім падпарадкаваньні знаходзіцца помнік культуры, у пана Полака скончылася цярпеньне. Аднаўленчыя працы ўрэшце былі даручаны бясконца далёкаму ад нормаў ды паняцьцяў рэстаўрацыі будаўнічаму упраўленьню са Смаргоні. Мінулым годам будаўнікі асвоілі толькі 200 мільёнаў недамінаваных рублёў – гэта ўсё, на што ў фінансавым пляне аказаўся здольны заказчык – міністэрства культуры. Іншымі словамі, крыху больш за $200 на рэанімацыю занядбалай тэрыторыі. Гэты год ў сэнсе грашовых ін’екцыяў таксама ня стаў пераломным. Калі народ галадае, духоўная ежа выглядае слабым замяшчальнікам. Менавіта гэта адчувае на сабе і Сяргей Верамейчык: 10 год ён дамагаецца перадачы пад дзіцячую студыю аднаго з пустуючых пакояў маёнтка, бо зараз дзеці займаюцца ў пераабсталяванай школьнай прыбіральні. Чыноўнікам гэта непатрэбна. Як непатрэбны і фінансаваёмісты фронт работ па аднаўленьню гістарычнай спадчыны. Ігар Карней, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |