RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 25 Верасьня 2000

Сёньня



Вядомы адвакат Гары Паганяйла заяўляе пра неправамоцнасьць Цэнтральнай выбарчай камісіі і патрабуе грамадзка-юрыдычнай экспэртызы дакумэнтаў, на падставе якіх была створаная гэтая камісія.

Цэнтральная камісія, якую ўзначальчае Лідзія Ярмошына, не правамоцная, – гэтак лічыць вядомы адвакат Гары Паганяйла, які спрабаваў зарэгістравацца кандыдатам ў дэпутаты ў лукашэнкаўскі парлямэнт, але быў спынены спачатку акруговай, а потым цэнтральнай камісіямі.

Сёньня рашэньне камісіяў пацьвердзіў і Вярхоўны суд, адхіліўшы скаргу Гары Паганяйлы. Але да таго, як прагучаў вэрдыкт судзьдзі Людмілы Шаройкі, адвакат зрабіў заяву, якая паставіла пад сумнеў правамоцнасьць ўсёй выбарчай кампаніі.

(Паганяйла: ) “Рашэньне майго пытаньня, рашэньне адносна маёй нерэгістрацыі было прынятае неправамоцным ворганам і гэтую неправамоцнасьць суд абавязаны быў дасьледаваць, але ўхіліўся ад гэтага. І я разумею – чаму. Таму што вывучэньне гэтых пытаньняў абавязкова прывяло б да высновы, што былі істотныя парушэньні пры фармаваньні цэнтарльнай камісіі,” – лічыць Гары Паганяйла.

Ён даводзіў суду, што Лідзія Ярмошына была прызначаная старшынёй яшчэ той камісіі, паўнамоцтвы якой сканчаліся ў студзені 1997 году. Зноў яе кандыдатура на пасаду старшыні ва ўказах прэзыдэнта не фігуравала і з дэпутатамі лукашэнкаўскага парлямэнту не ўзгаднялася. Такім чынам была парушаная нават канстытуцыя 1996 году, паводле якой жыве цяперашняя беларуская ўлада, лічыць Паганяйла. Таксама ён зьвярнуў ўвагу судзьзяў на тое, што ў складзе Цэнтральнай выбарчай камісіі апынуўся намесьнік старшыні Вярхоўнага суда Пётр Міклашэвіч.

“Ён павінен быў спыніць паўнамоцтвы сябры выбарчай камісіі, бо атрымалася, што ён сам сябе будзе судзіць”, – абураецца вядомы адвакат.

Паганяйла спасылаецца на прыняты ў 1998 годзе закон аб стварэньні ЦВК, паводле якога, грамадзянін Беларусі, якому адмоўлена ў рэгістрацыі, атрымаў права абскарджваць рашэньне ў Вярхоўным судзе. “Вось і атрмымліваецца, што судзьдзя Вярхоўнага суду Міклашэвіч будзе разглядаць скаргу на сябе як на сябра цэнтральнай камісіі ў справе выбараў. Гэты прававы нонсэнс судзьдзі павінны былі вырашыць, але яны не наважыліся нават да яго набліжацца, бо гэта б азначала спыненьне выбараў”, – лічыць Гары Паганяйла.

Вядомы адвакат прапануе зрабіць грунтоўны юрыдычны аналіз дакумэнтаў, на падставе якіх была сфармаваная цэнтральная выбарчая камісія, і пазнаёміць з высновамі экспэртаў, грамадзкасьць краіны і свету. Гэтае пытаньне, лічыць Паганяйла, нельга адкладаць, ўлічваючы галоўную падзею наступнага году.

(Паганяйла: ) “У наступным годзе ў нас прэзыдэнцкія выбары, і гэтая ж камісія будзе адсейваць кандыдатаў у прэзыдэнты. І што мы будзем мець? Сёньняшнюю практыку? Гэтага проста нельга дазволіць”, – лічыць адвакат Гары Паганяйла.

Нагадаем, старшынём Цэнтральнай выбарчай камісіі, абранай паводле канстытуцыі 1994 году, быў зьніклы ў мінулым годзе Віктар Ганчар. Гэта яго напярэдадні рэфэрэндуму ў лістападзе 1996 году зьняў сваім указам Аляксандар Лукашэнка і прызначыў Лідзію Ярмошыну. Аб’яднаная беларуская апазыцыя ад пачатку не прызнала яе ў якасці старшыні цэнтральнай камісіі. Байкатуе апазыцыя і цяперашнія выбары. Цяпер пра неправамоцнасьць выбаркаму заяўляюць і некаторыя з тых, хто ўсё ж паспрабаваў паўдзельнічаць ў лукашэнкавых выбарах. Адвакат Гары Паганяйла апынуўся сярод іх.

Алег Грузьдзіловіч, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org