RFE/RL |
Пятніца, 22 Верасьня 2000 |
Сёньня: |
(эфір 23 верасьня) Навіны культуры мінулага тыдня. У Нацыянальнай бібліятэцы ў яе 78-ы “дзень нараджэньня” адчынілася выстава старадаўніх рукапісаў і старадрукаў. Нагодаю для яе сталася міжнародная навуковая канфэрэнцыя “Кнігарэчча”, прысьвечаная кніжнай культуры Рэчы Паспалітае. Беларускі саюз дызайнэраў пры дапамозе Польскага інстытуту выдаў першы ў Беларусі каталёг фірмовых знакаў і лягатыпаў, створаных у нашай краіне. Каталёг зьмяшчае больш за тысячу сымбаляў, якімі карыстаюцца беларускія бізнэсоўцы й грамадзкія дзеячы. Ува ўступных артыкулах абмяркоўваюцца праблемы абароны аўтарскіх правоў і пэрспэктывы графічнага дызайну. З прычыны нястачы грошай Купалаўскі тэатар ня стаў сьвяткаваць сваё 80-годзьдзе й адклаў прымеркаваную было да юбілею прэм’еру “Чорнай панны Нясьвіжу” паводле п’есы Аляксея Дударава. Сёлета ў рэпэртуары тэатру будзе адноўлены культавы спэктакаль “Тутэйшыя”. Тым часам рэжысэр Коласаўскага тэатру Віталь Баркоўскі, спэктакаль якога “Шагал… Шагал…” нядаўна атрымаў Першую прэмію міжнароднага фэстывалю ў Эдынбургу, прыступіў да пастаноўкі п’есы “Франьцішка Ўршуля Радзівіл” у Гомельскім драматычным тэатры. Чакаецца прэм’ера і ў Дзяржаўным Маладзёвым тэатры, дзе рэжысэр Віталь Катавіцкі ставіць спэктакаль “Трызьненьне ўдвох” паводле п’есы Эжэна Ёнэска. Гэтаю прэм’ераю і адчыніцца 6 кастрычніка тэатральны сэзон у Маладзёвым. У клюбе “Медыюм”, што месьціцца ў інтэрнаце Менскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, прайшоў фэстываль “гаражнага” року “Дранікі сьвятога Патрыка”. Апроч беларускіх камандаў, што граюць альтэрнатыўную музыку, удзел у імпрэзе ўзялі ірляндзкія панкі. Іхны гурт “Call Centre” даў таксама канцэрт у Баранавічах. 27 верасьня ў Тэатры юнага гледача фольк-гурт “Ліцьвіны” прэзэнтуе свой новы альбом “Ой у лузе, лузе…”. “Ліцьвіны” — адзін з найбольш прафэсійных і глыбокіх гуртоў, што граюць беларускую народную музыку, бо не імкнуцца наблізіць яе да эстрады. Праграма “Ой, у лузе, лузе…” складаецца з 16 твораў, у тым ліку вясельных і жалобных маршаў. У Беларускім фондзе Рэрыхаў (вуліца Русіянава, дом № 9) адчынілася выстава, прысьвечаная айчынным асьветнікам эпохі Сярэднявечча — Эўфрасіньні Полацкай, Кірыле Тураўскаму, Франьцішку Скарыне й Сымону Полацкаму. Апроч партрэтаў, напісаных Міколам Купавам, Міхасём Басалыгам ды іншымі сябрамі суполкі “Пагоня”, экспазыцыя зьмяшчае аўтографы Сымона Полацкага й муляжы кніг Скарыны. Навукова-асьветны цэнтар імя Скарыны й дапамог наладзіць выставу. У гарадзкім парку Лагойску прайшоў фэстываль ганчарнага мастацтва. У спаборніцтвах за ганчарным колам і ў мяккай плястыцы ўзялі ўдзел 54 майстры з большасьці раёнаў Меншчыны. У лагойскім Доме рамёстваў адчынілася новая ганчарная майстэрня. Прыватная фірма “Юнома” адрэстаўравала пашкоджаную хуліганамі бронзавую скульптуру “Дзяўчынка з парасонам”, якую стварыў для Міхалаўскага сквэра ля Менскага вакзалу скульптар Уладзімер Жбанаў. Басаногая дзяўчынка пад дзіравым парасонам многім падавалася трапнай пародыяй на лукашэнкавую Беларусь. Вандалы адпілавалі “Дзяўчынцы” спачатку парасон, а потым і руку. Цяпер скульптура выглядае як новая, але на руцэ засталіся шнары ад зваркі. Юрась Барысевіч, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |