RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 22 Верасьня 2000

Сёньня



У чацьвер увечары ў Маскве быў забіты супрацоўнік таджыцкай службы Радыё Свабода, паэт і перакладчык з фарсі Іскандэр Халтані. Гаворыць Сяржук Сокалаў-Воюш.

Іскандэр Халтані нарадзіўся 12 кастрычніка 1954 году ў Таджыкістане. Пасьля школы вучыўся ў будаўнічым тэхнікуме, пасьля чаго быў забраны ў савецкае войска і накіраваны ў Афганістан. Цудоўнае валоданьне мовамі і, паводле тых, хто яго ведаў, усімі дыялектамі пэрсыдзка-таджыцка-афганскага рэгіёну вызначыла ягоны афганскі лёс. Іскандэр Халтані быў асабістым перакладчыкам прэзыдэнта Наджыбулы, які прыйшоў да ўлады пасьля прэзыдэнта Бабрака Кармаля.

Па вяртаньні з Афганістану Халтані паступае ў Літаратурны інстытут імя Горкага ў Маскве. Яго прымаюць у Саюз журналістаў і ў Саюз пісьменьнікаў Таджыкістану. З-пад пяра Іскандэра Халтані выйшлі чатыры зборнікі вершаў. Пасьля першай пастановы незалежнага Таджыкістану пра пераход на арабскую графіку, паэт пачынае пісаць арабскай вязьзю.

Ён працуе ў газэце “Адаблет Ва Саньат”, а з канца 80-ых супрацоўнічае з радыёстанцыяй ВВС. Ад 1996 году Халтані – маскоўскі карэспандэнт Радыё Свабода. Ад першага шлюбу меў дачку Анушу. Пасьля чарговай сустрэчы з дачкой Іскандэр Халтані напісаў:

Твае сьляды
Ў маёй душы самотнай
Яшчэ жывуць, хоць ты ўжо сыйшла,
І сонца засынае у лясной
Сваёй хаціне.
Соца – мятлік
Ён ведае цябе і йдзе таксама спаць.
А зорка,
Што баіцца крыку пеўняў,
Сьпявае для цябе.
Ты засынаеш…
Паціху…
Паціху…
І сонца табе
Усьміхаецца,
І горад сонца.

Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org