RFE/RL |
Пятніца, 22 Верасьня 2000 |
Сёньня |
Суд Партызанскага раёну Менску прызнаў вінаватымі ў парушэньні Адміністрацыйнага кодэксу за заклік да байкоту выбараў намесьніка старшыні БНФ Алеся Бяляцкага і актывіста Фронту Сяргея Шынкевіча. Абодва пакараныя штрафам на 5 тысячаў 200 рублёў. Разгляд справы іншага намесьніка старшыні БНФ Юрыя Хадыкі перанесены на панядзелак. Спадароў Хадыку, Бяляцкага й Шынкевіча судзілі за ўдзел ва ўчорашняй сустрэчы з выбаршчыкамі, на праспэкце Францішка Скарыны. Апазыцыянэры тлумачылі людзям, чаму ня варта хадзіць на восеньскія выбары, а таксама зьбіралі подпісы грамадзянаў пад патрабаваньнямі міжнародных структураў ды раздавалі мінакам адмысловыя выпускі газэтаў “Народная Воля” і “Рабочы” з матэрыяламі на тэму байкоту. Першай разглядалася справа Юрыя Хадыкі. Сьведкі-міліцыянты, якія ўчора затрымлівалі прафэсара, заявілі ў судзе, што Хадыка раздаваў людзям газэты й заклікаў не хадзіць на выбары. Хаця насамрэч Юры Хадыка толькі зьбіраў подпісы й нічым іншым не займаўся. Пры гэтым, міліцыянты нагэтулькі блыталіся ва ўласных паказаньнях, што судзьдзя Ала Дзямінская адклала справу да панядзелка, каб заслухаць дадатковых сьведкаў. Гаворыць Юры Хадыка: (Хадыка: ) “Мяне гэта крышку зьдзіўляе, таму што маленькая хлусьня, як вядома, спараджае вялікую, хаця прэтэнзіяў да міліцыі ў мяне няма, бо яны супраць волі робяць тую ж самую справу, што і мы. Мы хацелі б, каб гэтыя выбары ня былі прызнаныя эўрапейскімі структурамі як свабодныя і дэмакратычныя, і тое, што адбываецца, гэта яркае тому пацьверджаньне”. Паведаміў нашаму радыё спадар Хадыка. Пасьля міліцыянты сьцьвярджалі, што Алесь Бяляцкі й Сяргей Шынкевіч распаўсюджвалі ўлёткі з заклікам да байкоту выбараў. Затрыманыя ж наадварот пераконвалі судзьдзю, што гэта былі ня ўлёткі, а адмысловы выпуск легальнае газэты “Народная Воля”, і таму ніякага правапарушэньня ня зьдзяйсьнялі. Аднак суд пакараў Бяляцкага з Шынкевічам штрафамі на два мінімальныя заробкі. Гаворыць Алесь Бяляцкі: (Бяляцкі: ) “Гэта яшчэ раз падкрэсьлівае, што тыя заявы афіцыйных прадстаўнікоў беларускай улады на міжнароднай арэне наконт таго, што байкот у нас не забаронены, што гэта ёсьць дазволены сродак палітычнага змаганьня ў перадвыбарчай барацьбе, – яны зьяўляюцца непраўдзівымі, яны зьяўляюцца хлусьлівымі. На самай справе я ўжо далёка ня першы – ужо дзясяткі людзей затрыманыя па гэтым артыкуле, суды ідуць увесь час без перапынку, і гэта падкрэсьлівае, што выбары ў нас ідуць у недэмакратычнай сытуацыі з яўным прэсынгам на дэмакратычную апазыцыю”. Лічыць спадар Бяляцкі. Яўным ігнараваньнем артыкулаў закону судзьдзёю Алай Дзямінскай была зьдзіўленая і першы сакратарка Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску Беата Разуміловіч, якая прысутнічала на працэсе. Справы іншых затрыманых учора апазыцыянэраў будуць разгледжаныя ў панядзелак. Альгерд Невяроўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |