RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 22 Верасьня 2000

Сёньня:



(эфір 23 верасьня)
Бадай, адзінае прадпрыемства, якое рэальна прыносіць краіне валютныя сродкі — салігорскае аб’яднаньне “Белкалій”. (Дакладней, кожны пяты даляр у дзяржаўным бюджэце на рахунку калійшчыкаў.) Але часта гэтыя грошы здабываюцца за кошт жыцьцяў шахтораў ды наступаў на навакольле. Пра выдаткі вытворчае дзейнасьці “Белкалія” распавядае наш карэспандэнт.

Як прадпрыемства асабліва высокае рызыкі, “Белкалій”, на жаль, мае сваю сумную статыстыку заўчаснае сьмяротнасьці. У сярэднім пяцёх гарнякоў хавае прадпрыемства штогод. Яшчэ зь дзясятак трапляюць у шпіталі з рознымі ступенямі траўматызму.

Чым абумоўленыя такія сумныя паказьнікі, адказвае намесьнік старшыні незалежнага прафсаюзу гарнякоў Васіль Корабаў:

“Патагонная сыстэма працы, калі чалавек працуе дзеля пляну, зьніжае ўвагу і асьцярожнасьць. Працяглы час не было рытмічнае работы. Руду не здабываюць, і замест таго, каб заняцца абсталяваньнем бясьпекі свайго ўчастку, пачынаецца ўпартае чаканьне працы. Бо нешта замацаваць — гэта разглядаецца толькі з гледзішча тэхніка бясьпекі, а здабытыя тоны руды — гэта рэальныя грошы”.

Даволі невысокія заробкі й зусім мізэрныя пэнсіі сталі вынікам досыць рызыкоўнага эканамічнага экспэрымэнту напачатку 90-х. Імкнучыся завалодаць эўрапейскім рынкам, Беларусь зьбіла кошты на калійную соль да мінімуму. Праз гэта да цяперашняга моманту ў адносінах да “Белкалія” дзейнічае гэтак званы антыдэмпінг —абмежаваньне на гандаль у краінах ЭўраЗьвязу. Таму небясьпечная праца заахвочваецца ў дзясяткі разоў сьціплей, чым у Нямеччыне, Францыі ці Гішпаніі.

Даводзіцца працаваць дзеля звышнормаў; часта да такога стану, пакуль не вынясуць наперад нагамі. Паводле словаў аднаго з былых шахтораў, выпадкаў, калі людзі паміраюць проста ў шахце, даволі шмат.

Вялізная тэрыторыя, асвоеная гарнякамі (а гэта, паводле падлікаў, больш за 100 га), зьяўляецца мёртвай зонаю. Прыклад Нямеччыны, дзе коштам закінутых шахтаў вырашаецца праблема пахаваньня прамысловых адкідаў і сьмецьця, Салігорску не пагражае: працэс даволі матэрыялаёмісты. Паводле прызнаньня нават чыноўнікаў мясцовай адміністрацыі, старыя шахты калі на што й вартыя, дык толькі для здымкаў фантастычных стужак — такога пэйзажу ў павілёнах ня створыш.

Гаворыць Васіль Корабаў:

“Уся тэрыторыя агароджаная, адпаведна пляну горных працаў узводзяцца солебэтонныя перамычкі. Туды ніхто ня ходзіць, бо гэта проста небясьпечна. Паколькі зямная кара трэскаецца, на паверхню выходзіць газ. Навокал усё паламана, павалена, штосьці вісіць, чакай во — упадзе на галаву — а гэта не 1 кг, можа й паўтоны зваліцца…”

(Карэспандэнт: ) “Спадар Корабаў, а як непасрэдна горад і бліжэйшы рэгіён адчувае блізкасьць распрацовак?”

(Корабаў: ) “Адразу скажу, што мы пад горадам не працуем, хоць ён і стаіць на цаліку — а гэта самая дарагая і высакаякасная парода. Але ёсьць досьвед “Уралкалія” ў Беразьнякох: там вялі здабычу пад горадам і зараз прыходзіцца закладаць выпрацоўкі адкідамі хваставое гаспадаркі, бо зямля пачала прасядаць.

Адчуваецца забалочанасьць некаторых сельскіх тэрыторыяў, але не ў сэнсе торфу, моху і што людзі правальваюцца… Зямля крыху прасела й стала больш вільготная. Пры неабходнасьці за кошт аб’яднаньня ідзе адсяленьне”.

Пасьля тэхнагэннай аварыі на аналягічным аб’яднаньні ва ўкраінскім Калушы, калі разваднелыя шлакі прарвалі дамбу й атруцілі Днестар аж да Чорнага мора, экалягічныя адлічэньні “Белкалія” значна ўзрасьлі. Але ці ёсьць гэта гарантыяй ад непажаданых прэцэдэнтаў у будучым, ня скажа ніхто.

Ігар Карней, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org