RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 22 Верасьня 2000

Сёньня



У Першамайскім раённым адзеле міліцыі дагэтуль утрымліваецца актывіст “Народнае Грамады” Раман Ляўкоўскі, які прысутнічаў у штаб-кватэры партыі пад час ўчорашняга нападу на яе невядомых рабаўнікоў. З гэтае нагоды Мікола Статкевіч заяўляе, што Ляўкоўскага ўтрымліваюць фактычна ў якасьці закладніка, каб здабыць ад яго зьвесткі, якія б скампрамэтавалі “Народную Грамаду”. Міліцыя са свайго боку заяўляе пра таямніцу сьледзтва і адмаўляецца паведаміць, дзе дакладна знаходзіцца затрыманы.

Расьсьледваньне нападу на штаб-кватэру “Грамады” яшчэ робіць толькі першыя крокі, але гэтыя крокі ўжо набылі яўна скандальны характар. Як высьветлілася, дагэтуль у пастарунку знаходзіцца адзін з чатырох прысутных пры нападзе актывістаў “Народнае Грамады”, Раман Ляўкоўскі.

Астатніх выпусьцілі аб 11-й гадзіне ўранку, а Раман дагэтуль у міліцыі і дакладныя прычыны ягонага затрыманьня не вядомыя. Мікола Статкевіч не выключае, што зь яго спрабуюць атрымаць паказаньні, каб скампрамэтаваць партыю. “Я бачу, што міліцыя спрабуе скіраваць справу ў той бок, каб абвінаваціць нас у імітацыі нападу. Маўляў, дзеля падвышэньня рэйтынгу на час выбараў. Я адразу заяўляю, што гэта хлусьня. Штаб-кватэру сапраўды абрабавалі”, – заявіў радыё Свабода Мікола Статкевіч.

Лідэр “Грамады” кажа, што ягонага калегу па партыі Рамана Ляўкоўскага трымаюць у пастарунку ў парушэньне нормаў, якія дазваляюць толькі трохгадзіннае затрыманьне. “Ляўкоўскі фактычна апынуўся ў стане закладніка”, – сьцьвярджае Статкевіч.

Спроба высьветліць, дзе сапраўды знаходзіцца Раман Ляўкоўскі аказалася толькі напалову пасьпяховай. Кіраўнік крымінальнае міліцыі Першамайскага раёну Ўладзімер Майсеня не адмаўляў, што Ляўкоўскі знаходзіцца ў ягоным ведамстве, але ўдакладняць — дзе — не стаў.

(Майсеня: ) “Мы проста кантактуем з гэтымі людзьмі. Я, прабачце, таксама з моманту зьдзяйсьненьня і да гэтага часу ў ложак ня клаўся. Наколькі мне вядома, ён і пад’еў, і адпачыў. Дзе ён зараз, я канкрэтна не магу Вам адказаць”.

Міліцыянт заявіў далей, што больш нічога ня скажа й камэнтаваць напад на штаб-кватэру ня будзе, паколькі ўсе матэрыялы сьледзтва зьяўляюцца службовай таямніцаю. Цікава, што згодна з Уладзімерам Майсеням таямніцаю зьяўляецца й прозьвішча сьледчага, які вядзе гэтую справу.

(Майсеня: ) “Прозьвішча яго, напэўна, яму вядомае, як і тым, з кім ён там гутарыць, з афіцыйнымі асобамі Народнай Грамады, таксама вядомае”.

Сказаў кіраўнік крымінальнае міліцыі Першамайскага раённага адзелу міліцыі Ўладзімер Майсеня, чые падначаленыя займаюцца расьсьледваньнем начнога нападу на штаб кватэру “Народнае Грамады” і якія пакуль зь невядомых прычынаў затрымліваюць аднаго са сьведкаў нападу Рамана Ляўкоўскага.

Алег Грузьдзіловіч, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org