RFE/RL |
Пятніца, 22 Верасьня 2000 |
Сёньня: |
(эфір 21 верасьня) А 17 гадзінаў 10 хвілінаў у прыватны дом кіраўніка Гомельскага абласнога грамадзкага аб’яднаньня «Грамадзянскія ініцыятывы» Віктара Карніенкі падманным шляхам праніклі шасьцёра невядомых (двое — у міліцэйскай форме)… Каб патрапіць у дом да кіраўніка «Грамадзянскіх ініцыятываў», адзін зь невядомых сказаў у дамафон, што “гэта з газэты «Рэспубліка»”. Знаёмыя спадара Карніенкі адчынілі дзьверы. Але замест карэспандэнтаў у дом зьявіліся двое ў міліцэйскай форме ды яшчэ чацьвёра ў цывільным. Адзін зь міліцыянтаў паказаў пасьведчане на ймя Мікалая Раманава, палкоўніка абласное міліцэйскае ўправы… Як разьвіваліся падзеі далей, распавядае сам Віктар Карніенка: “Я запытаў — чаму вы прыйшлі ў мой дом? Што вам трэба? Яны адказалі спачатку, што трэба газэта «Рэспубліка». Пасьля адзін у цывільным паправіў: не «Рэспубліка», а ўсё ж такі «Рабочы». Пытаньне зьвялося да аднаго: «Ці ёсьць у вас у доме такая газэта?» Я паўтарыў: «У чым справа? Што вы ад мяне хочаце?» Палкоўнік сказаў, што ён хацеў задаць пытаньне. Пасьля 5-7 хвілінаў такое размовы яны зразумелі, што перавысілі свае паўнамоцтвы й сыйшлі. Але я лічу, што гэта падстава для звароту да пракурора Гомельскае вобласьці, бо такім чынам у Беларусі парушаецца заканадаўства й робіцца ўціск на мяне як грамадзяніна”. На думку спадар Карніенкі, хутчэй за ўсё міліцыянты зь невядомымі асобамі шукалі, хто прывёз у горад адмысловы выпуск газэты «Рабочы» з заклікам да байкоту выбараў. Але гэта толькі здагадка. Сёньня ж спадар Карніенка напісаў заяву на ймя пракурора вобласьці Алега Палавінкі ў прыцягненьні да адказнасьці палкоўніка Раманава й пяці ягоных спадарожнікаў, якія перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы і шляхам падману ўвайшлі ў прыватны дом, чым парушылі гарантаваную Канстытуцыяй недатыкальнасьць жытла. Казімер Яноўскі, Гомель
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |