RFE/RL |
Пятніца, 22 Верасьня 2000 |
Сёньня |
Беларускія снайпэры – адны з лепшых у сьвеце. Гэткую выснову робіць наш аўстралійскі карэспандэнт пасьля сёньняшняга дня на алімпійскім стрэльбішчы ў Сыднэі, дзе беларуска Лаліта Еўглеўская узяла бронзавы мэдаль у стральбе на 25 мэтраў з пісталету, а ейная сяброўка па камандзе Юлія Сіняк заняла ганаровае чацьвертае месца. Працягвае рухацца наперад Уладзімер Самсонаў, які ўдала прайшоў ужо трэці круг спаборніцтваў у адзіночнай катэгорыі па настольным тэнісе сярод мужчынаў – ён дамогся перамогі над французам Крыстафам Легу. Таксама ўпэўнена першы круг у вялікім тэнісе прайшла пара беларускіх тэнісыстак Барабаншчыкава-Зьверава. Плывец Зьміцер Коптур прыйшоў другім у кваліфікацыйных заплывах на паўтара кілямэтры вольным стылем. Заўтра чакаецца надзвычайна цікавы фінал у спаборніцтвах у веславаньні. Сёньня ў паўфінале чэмпіёнка сьвету і Алімпійскіх гульняў Кацярына Карстэн прыйшла трэцяй, прапусьціўшы наперад баўгарку Румяну Нейкову і немку Катрын Рутшоў. Допінгавы кантроль на Сыднэйскай Алімпіядзе лічыца самым сур’ёзным за ўсю гісторыю Алімпійскіх гульняў. Сёньняшні дзень стаў днём ганьбы для каманды баўгарскіх цяжкаатлетаў. Сёньня лёс Івана Іванава напаткаў чэмпіёнку Сыднэйскай Алімпіяды сярод жанчын у вазе да 48 кіляграмаў Ізабэлу Драгневу і бронзавага прызёра Сеўдаліна Мінчава ў вазе да 62 кіляграмаў. У іх выяўленая наяўнасьць дыюрэтыкаў. Цяпер уся каманда баўгарскіх цяжкаатлетаў страціла права выступаць на гэтай Алімпіядзе і ўвогуле ва ўсіх спаборніцтвах у працягу 12 месяцаў. У выніку дыскваліфікацыі Мінчава ягоны бронзавы мэдаль даручаны беларускаму цяжкаатлету Генадзю Алешчуку. Такім чынам, на рахунку зборнай Беларусі за сем дзён Алімпіяды сем мэдалёў – адзін срэбраны і шэсьці бронзавых. З 52 краінаў, атрымаўшых мэдалі, Беларусь ідзе чатырнаццатай. А наперадзе ЗША, Аўстралія, Кітай, Расея ды Францыя. Вячаслаў Елькановіч, Сыднэй
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |