Злучаныя Штаты Амэрыкі крытыкуюць Беларусь за перасьлед людзей, якія
заклікаюць да байкоту выбараў. Прадстаўнік Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Арганізацыі
бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе Дэвід Джонсан выказаў сумнеў адносна
заяваў беларускага афіцыйнага боку пра неперасьлед асобаў, якія агітуюць
за байкот выбараў.
У Заяве прадстаўніцтва Злучаных Штатаў Амэрыкі ў АБСЭ ўзгадваецца выступ
першага намесьніка міністра замежных справаў Беларусі Сяргея Мартынава
на трэцяй тэхнічнай канфэрэнцыі ў Вене 30-га жніўня, калі Мартынаў заявіў,
што людзі, якія заклікаюць да байкоту парлямэнцкіх выбараў у Беларусі,
пакараныя ня будуць.
Злучаныя Штаты Амэрыкі нагадваюць факт арышту стотысячнага накладу незалежнай
прафсаюзнай газэты “Рабочы”, дзе была апублікаваная інфармацыя пра байкот.
Узгадваецца затрыманьне галоўнага рэдактара газэты Віктара Івашкевіча і
супрацоўнікаў выданьня Дзьмітрыя Касьцюкевіча і Юрыя Будзько. 19-га верасьня
Менскі суд асудзіў Івашкевіча і Касьцюкевіча паводле адміністрацыйнага
кодэксу. Наклад газэты вернуты ня быў, а міліцыі было загадана канфіскаваць
усе 400 тысячаў паасобнікаў газэты, якая інфармуе пра байкот.
Злучаныя Штаты Амэрыкі зьвяртаюць увагу на арышты 15 і 16 верасьня больш
як 20 чалавек, якія распаўсюджвалі ўлёткі з заклікам да байкоту.
16-га верасьня, як адзначана ў справаздачы Кансультацыйна-назіральнай
групай АБСЭ ў Менску, два невядомыя нападнікі атакавалі намесьніка старшыні
Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Анатоля Лябедзьку на акцыі, прысьвечанай
гадавіне зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Нападнікі рабілі
гэта ў прысутнасьці некалькіх узброеных паліцыянтаў, якія стаялі побач
і ніяк не рэагавалі.
Амэрыканскі бок сьцьвярджае, што падзеі мінулага тыдня дэманструюць,
што Беларусь не выконвае патрабаваньняў эўрапейскіх структураў, каб выбарчы
працэс і выбары ў Беларусі можна было назваць свабоднымі і справядлівымі.
|