RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 21 Верасьня 2000

Сёньня



(эфір 20 верасьня)
Пад знакам супрацьстаяньня ўладаў і прафсаюзаў праходзіў сёньня ў Менску зьезд прафсаюзу радыёэлектроннае прамысловасьці. Улады вырашаюць на зьезьдзе дзьве задачы: зьмясьціць з пасады старшыні Генадзя Фядыніча й пераканаць дэлегатаў у беcсэнсоўнасьці існаваньня гэтага прафсаюзу.

Улады на зьезьдзе прафсаюзу радыёэлектронікі прадстаўляе міністар прамысловасьці Анатоль Харлап. Апроч яго, пазыцыю ўладаў падтрымлівае вялікая група дырэктароў дзяржаўных прадпрыемстваў і іхных прыхільнікаў зь ліку прадстаўнікоў адміністрацыяў заводаў. Гэтую пазыцыю на зьезьдзе агучыў дырэктар маладэчанскага заводу “Спадарожнік” Ўладзімер Шпакаў. Ён заявіў, што Генадзь Фядыніч ня здольны кіраваць прафсаюзам радыёэлектронікі.

Прадстаўнікі дырэктарскага корпусу ўхвалілі на зьезьдзе ідэю працаўнікоў “Інтэгралу” ў стварэньні на прадпрыемствах гэтага аб’яднаньня ўласнага прафсаюзу.

У сваю чаргу, прыхільнікі Генадзя Фядыніча абурыліся дзеяньнямі адміністрацыі, якая гвалтам прымушае рабочых ды інжынэраў уступаць у гэты “дырэктарскі” прафсаюз. У гэтай сувязі група дэлегатаў прапанавала прыняць адмысловую рэзалюцыю зьезду адносна падзеяў на “Інтэграле”. Рэзалюцыя заклікае прафсаюзны актыў супрацьстаяць адміністрацыйнаму гвалту.

Вось якімі ўражаньнямі пра сёньняшні зьезд прафсаюзу радыёэлектроннае прамысловасьці падзялілася госьця форуму, прадстаўніца Міжнароднае Фэдэрацыі мэталістаў краінаў СНД й Балтыі Сьветла Шэкэрджыева:

“Я упершыню ў краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе чую, як дырэктар выступае за распад прафсаюзаў. Я чатыры гады працую і ня ведала, што такое можа быць. Кожна мусіць займацца сваёй справаю. У краінах з рынкавай эканомікаю ёсьць арганізацыі наймальнікаў, дык хай бы й беларускія наймальнікі стваралі такія арганізацыі і вырашалі там свае праблемы. Гэта амаральная пазыцыя — сьцьвярджаць, што галіновы прафсаюз не патрэбен. Я лічу гэта грубым умяшаньнем у дзейнасьць прафсаюзаў. І калі гэтак будзе далей, дык гэта прывядзе да вялікіх узрушэньняў у прафсаюзным руху Беларусі”, — зазначыла спадарыня Шэкэрджыева.

Міхал Стэльмак, Менск
 

Як стала вядома на момант абнаўленьня сайту, Генадзь Фядыніч захаваў сваю пасаду.


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org