RFE/RL |
Чацьвер, 21 Верасьня 2000 |
Сёньня: |
Сёньня лідэрка Жодзінскае філіі Беларускага Гэльсынскага камітэту, намесьніца старшыні філіі Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ Іраіда Міско завяршыла грамадзкае расьсьледваньне фактаў незаконных гэтак званых “калгасных і будаўнічых” пабораў з працоўных калектываў гораду, што ў абстаноўцы падвышанае сакрэтнасьці вось ужо некалькі месяцаў запар ажыцьцяўляе мясцовы гарадзкі выканкам паводле цыркуляраў Менскага абласнога выканкаму. Іраіда Міско патлумачыла мне, што месяц таму да яе зьвярнуліся сябры працоўных калектываў некаторых жодзінскіх дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў. Яны папрасілі вядомую ў горадзе апазыцыйную дзяячку й праваабаронцу разабрацца, наколькі законнымі зьяўляюцца гэткія паборы. Людзі былі зь ёю шчырыя, адно прасілі спадарыню Міско захаваць іхную ананімнасьць — баяліся, што за разгалошваньне дзяржаўнае таямніцы начальства можа зволіць іх з працы. Гаворыць Іраіда Міско: “Прыбіральшчыца аднае з крамаў гораду паскардзілася, што ўсё жыцьцё яна працавала й будавала каапэратыўную кватэру. Сказала, што ўсё жыцьцё ўсё йшло на будаўніцтва кватэры. Зараз яна працуе і зь яе вылічваюць каля двух адсоткаў заробку на будаўніцтва жытла. Мяне гэта зацікавіла. Мне ў рукі патрапіў дакумэнт, які наш гарадзкі выканкам выдаў на рукі ўсім кіраўнікам дзяржаўных структураў гораду Жодзіна, зь якога бачна, што гэты пабор на будаўніцтва жыльлёвага фонду абавязкова адлічваецца. Гэта ня гледзячы на тое, што ўсе падаткі выплочваюць прадпрыемствы гораду. Але новы прыдумалі пабор. У залежнасьці ад колькасьці супрацоўнікаў у калектывах мусяць пабудаваць кватэру: двухпакаёвую, трохпакаёвую, чатырохпакаёвую. І раскідана гэта па месяцох… Гэта абуральна”, — заявіла Іраіда Міско й паказала мне адпаведны факс за подпісам старшыні выканаўчага камітэту спадара Кашэўскага. Яшчэ адзін цыркуляр (ад таго ж Кашэўскага) забавязваў жодзінскія прадпрыемствы ўсіх формаў уласнасьці, а таксама індывідуальных прадпрымальнікаў у ліпені, жніўні ды верасьні дзеля падтрымкі аграпрамысловага комплексу Менскае вобласьці пералічыць па аднаму адсотку ад рэалізаванае прадукцыі на адчынены абласным выканаўчым камітэтам рахунак у Белаграпрамбанку. Як вынікала з цыркуляру, сумы пералічэньняў выліваліся ў мільёны рублёў штомесяц. Наколькі ж гэтыя паборы былі законнымі? Першы намесьнік старшыні гарадзкога выканаўчага камітэту Міхась Амельлянчук адмовіўся адказваць на гэта пытаньне. Аднак даволі шчыраю сталася галоўная спецыялістка Жодзінскага гарадзкога савету Раіса Якаўлева: “Гэта незаконна… Гэта незаконна. У нас у Савеце яны не праходзяць. Рашэньняў у нас няма з гэтае нагоды. У нас такіх рашэньняў няма… Як галоўны спэцыяліст Савету, я адказваю на тое пытаньне, што ў нас такое не ўзаконена”, — сказала Раіса Якаўлева. Яна паведаміла мне, што апошнім часам жодзінская вэртыкаль ігнаруе закон. Ужо цэлы год яна праводзіць паборы без абавязковага зацьверджаньня тутэйшым дэпутацкім корпусам. Як пракамэнтавала гэтыя словы Іраіда Міско, дачыненьні між жодзінскімі выканаўчай і прадстаўнічай уладамі ёсьць зьменшанай копіяй стасункаў між Аляксандрам Лукашэнкам ды ягоным кішэнным “Нацсходам”. Алесь Мікалайчанка, Жодзіна
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |