RFE/RL |
Чацьвер, 21 Верасьня 2000 |
Сёньня |
Наш карэспандэнт вярнуўся з вандроўкі па Валожынскім раёне, дзе сустракаўся зь вясковымі людзьмі. Сяляне адкрыта распавядалі пра сёлетні ўраджай на ўласных падворках, пра свае заробкі ў калгасах, пра стаўленьне да ўлады й адносіны да будучых выбараў. Мястэчка Вішнева — тыповае для заходняй часткі Беларусі: сотня дагледжаных двароў з гаспадаркамі, касьцёл — помнік архітэктуры, у якім, дарэчы, на беларускай мове ўжо шмат гадоў адпраўляе набажэнствы ксёндз Чарняўскі. Касьцёл успрымаецца як напамін пра дасавецкі час, а калгасныя пабудовы як дзейны помнік савецкаму ладу жыцьця. Жыцьцё тут, адрозна ад сталічнага, цячэ павольна. Людзі неразгінаючыся капаюць бульбу, хтосьці сьпяшаецца на гадзінку ў касьцёл. Вось, здаецца, і ўсё. Палітыка тут на ўскрайку чалавечых разважаньняў, але, калі яе закранеш, дык вяскоўцы могуць і разгаварыцца — сказаць так, як думаюць. Па-свойму. 72-гадовага Вікенція Бітэля разам з жонкаю да касьцёлу падвёз ягоны брат, які адразу ж скіраваў сваю старэнькую іншамарку на поле. Жонка Бітэля пайшла на імшу, а праваслаўны дзед Вікенці застаўся на цьвінтары. Вясковы гаварун, Вікенці Бітэль сам распачынае размову зь незнаёмымі людзьмі. Слова за словам, і вось ён распавядае пра тое, што жывуць сёньня сяляне ў Вішневе дый у іншых навакольных вёсках выключна з уласнае гаспадаркі. Мяйсцовы калгас, як кажа дзед Вікенці, занядбаны ўшчэнт: няма каму працаваць, усё валіцца, а людзям плоцяць мала дый са спазьненьнем. (Бітэль: ) «Я быў усю вясну на пасяўной. За красавік і за травень мне прынесьлі 3,5 мільёны. Дык гэта хіба я зарабіў? А цяпер так: няма чаго – вотрубі вараш пшанічныя, купіш – 3 мільёны з паловай, 4 мільёны…Камбікорм – мільёнаў 5-6. А браток ты мой, на булку хлеба за дзень мо і заробіш». Паўнавартаснымі грашыма на вёсцы ўжо даўно стала гарэлка — дзяржаўная (тут так гавораць) і мяйсцовая самагонка. Перавагу аддаюць апошняй. (Бітэль: ) «Самагонка – 800 тысяч, а гасударсьцьвенная яшчэ даражэйшая. У мяне сусед дзешавейшую троху гоніць, а яна ўжо прадае па 800…Як няма бутэлькі, ніхто нічога рабіць ня хоча». Сёньняшняе сваё жыцьцё дзед Вікенці міжволі параўноўвае з дакалгасным, польскім часам. Як ён сам кажа, быў і ў той, і ў савецкі, і ў цяперашні час парабкам. (Бітэль: ) «Я ў панох служыў і скажу, што няпраўду гаварылі, што яны бізунеамі білі…Калі ў нас хлеба не хапіла, да пана прыйдзеш – бяры мяшок, два…А пенёдзаў ня браў – адпрацуеш. Вось ўзяў я 5 пудоў – пяць дзён я яму адраблю. А цяпер вазьмі – дык скуру зьдзяруць…» Жыцьцё склалася няпроста, але ён па-свойму шчасьлівы, бо мае жонку, дачку зь зяцем і ўнучку, што вучыцца ў Менску. І ня ведае, што ж ён сам мог і можа зрабіць, каб жыць лепей. Да цяперашняе ўлады, як і да ранейшай, камуністычнай, Вікенці Бітэль ставіцца крытычна. У тое, што выбары могуць нешта зьмяніць — ня верыць, але галасаваць пойдзе. Па звычцы. (Бітэль: ) «Дык абязацельна, як жа ж ня будзеш галасаваць?» (Карэспандэнт: ) «А за каго?» (Бітэль: ) «За гэтага дурня…» (Карэспандэнт: ) «А хто гэты дурань?» (Бітэль: ) «Лукашэнка ж наш… Знаеце, што ён хітры, гэты Лука. Вось зара перад выбарамі ён дасьць дарогу бюясплатную, пастараецца, каб калхозьнікі за яго скінуліся. А як пару месяцаў пасьля галасаваньня пройдзе, тады ізноў – і за аўтобус плаці, і за тое…» (Карэспандэнт: ) «Вось Вы ведаеце, якія ў Вашай акрузе дэпутаты?» (Бітэль: ) «А каго я знаю? Хто нам што сказаў, за каго…? Прынясуць нам бумажкі – напісана гэты, гэны, гэты… Гавораць, вось за гэтага галасуй, а вось гэтага можаш вычэркваць. Як усе, так і я, ну што там я зьмяню…» Адзінае, што я мог пажадаць на разьвітаньне дзеду Вікенцію дый і іншым маім новым знаёмым, дык гэта — да дажджоў пасьпець выбраць бульбу. Ягор Маёрчык, Ашмянскі раён
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |