RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 21 Верасьня 2000

Сёньня



Чым бліжэй дзень югаслаўскіх выбараў, 24 верасьня, тым больш расьце палітычнае напружаньне ў гэтай краіне. Міжнародны друк актыўна камэнтуе сытуацыю ў Югаславіі.

International Herald Tribune і New York Times зьвяртаюць увагу на ўчорашнія выступы галоўных удзельнікаў прэзыдэнцкай гонкі: дзеючага прэзыдэнта Югаславіі Мілошавіча і кандыдата аб’яднанай апазыцыі Каштуніцы. Упершыню за 4 гады Мілошавіч прыехаў учора ў Чарнагорыю. На мітынгу было каля 20 тыс. чалавек, паводле зьвестак New York Times, зьвезеных на аўтобусах з усёй Чарнагорыі і нават з Сэрбіі. У сваёй перадвыбарчай прамове Мілошавіч абрынуўся на апазыцыю – ён называў апазыцыянэраў трусамі, пацукамі і гіенамі, а таксама паслужлівымі сабакамі НАТА. Паводле словаў Мілошавіча, Захад натхняе апазыцыю на тэрарызм і злачынствы, а апазыцыя разбэшчвае моладзь праз рэлігійныя сэкты, шпіёнскія групы і наракамафію. Дасталося і прэзыдэнту Чарнагорыі Джуканавічу. Мілошавіч абвінаваціў яго ў подкупе і сказаў пра чарнагорскае кіраўніцтва так:

(Мілошавіч: ) “Яны хочуць адмовіцца ад незалежнасьці, ад свабоды, ад нашага адзінства за абяцаньні салодкага жыцьця”.

New York Times заўважае, што Мілошавіч у сваей прамове прадэманстраваў пэўную гнуткасьць у праблеме адносінаў паміж Сэрбіяй і Чарнагорыяй. Кіраўніцтва Чарнагорыі дамагаецца большай аўтаноміі ад Белграду і не выключае магчымасьці выхаду з югаслаўскай фэдэрацыі. Зьвяртаючыся да чарнагорцаў, Мілошавіч сказаў: “Я ўпэўнены, што ваш інтэрас – быць разам з Сэрбіяй, але вы самі будзеце вырашаць – быць вам з Сэрбіяй ці ісьці сваім шляхам. Але ў любым выпадку я жадаю вам посьпеху”.

Гэтая гнуткасьць была адрасаваная, зразумела, ня ўдзельнікам мітынгу, якія скандавалі:”Мы любім цябе, Слобо”, “Мілошавіч – Югаславія”, “Мы – Югаславія”. Гэты выступ Мілошавіча трансьляваўся па ўсіх каналах белградзкага ТБ.

Чарнагорскія ўлады байкатуюць фэдэральныя выбары. International Herald Tribune, спасылаючыся на меркаваньні аналітыкаў, піша, што Мілошавіч ці сфальсыфікуе вынікі выбараў, ці справакуе крызыс, магчама, у Чарнагорыі, каб увесьці надзвычайнае становішча. Газэта прыводзіць словы чарнагорскага лідэра Джуканавіча, які заявіў, што калі Мілошавіч пойдзе на ваенны канфлікт з Чарнагорыяй, чарнагорцам не застанецца нічога, як абараняць сваю свабоду.
Учора ж апазыцыйны кандыдат Каштуніца сабраў на мітынг у Бялградзе каля будынку парлямэнту каля 100 тысячаў сваіх прыхільнікаў. Сваю прамову ён пачаў так.

(Каштуніца: ) “Я такі ж чалавек, як і вы. Я не зьбіраюся зьмяніць увесь сьвет. Маё жаданьне – разам з вамі зьмяніць нашую дзяржаву”.

New York Times падае наступныя словы з яго прамовы: “Ёсьць вялікі шанец, што пасьля гэтых выбараў, мы пачнем новае жыцьце ў новай Сэрбіі. Краіна ня можа быць закладнікам аднаго чалавека”. Натоўп скандаваў: “Каштуніца, выратуй Сэрбію з вар’ятні”.

Напярэдадні выбараў апазыцыя зьвярнулася з заклікам да войска і паліцыі не дапусціць, каб іх выкарысталі супраць уласнага народу падчас выбараў і пасьля іх. Апазыцыя адзначае ў сваім звароце, што войска ведае, што большасьць грамадзянаў Югаславіі хоча пераменаў.
Магчыма, падставаю для зьяўленьня гэтага звароту стала нядаўняя заява кіраўніка югаслаўскага войска генэрала Павкавіча, што ў выпадку масавых выступаў пратэсту падчас выбараў супраць маніфэстантаў будзе ўжытая сіла. Аднак учора, выступаючы па чарнагорскім дзяржаўным тэлебачаньні, генэрал Павкавіч сказаў, што войска прыме Каштуніцу, як кіраўніка дзяржавы, калі ён выйграе выбары.

Але на думку New York Times гэтая заява ня ўносіць пэўнасьці, бо незразумела, што будзе рабіць войска, калі абодва – Мілошавіч і Каштуніца – аб’явяць пра сваю перамогу, ці калі пасьля выбараў апазыцыя выйдзе на вуліцы, пратэстуючы супраць іх фальсыфікацыі.

Юры Дракахруст, Прага


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org