RFE/RL |
Серада, 20 Верасьня 2000 |
Сёньня: |
У Берасьцi адна з акруговых камiсіяў, нават не зарэгiстраваўшы кiраўнiка абласной арганiзацыi Беларускае Сацыял-Дэмакратычнае партыi “Народная Грамада” Анатоля Ляўковiча, працягвае зьбiраць зьвесткi пра ягоныя даходы. Калi раней абвiнавачваньне тычылася таго, што спадар Ляўковiч незадэкляраваў 882 рублi, атрыманых за прачытаную лекцыю, дык цяпер шукаюць ганарары, атрыманыя за публiкацыi ў мясцовым друку. Выбарчая камiсія Берасьцейскай-Цэнтральнай акругі №2, якая не зарэгiстравала старшыню абласной арганiзацыi БСДП “Народная Грамада” Анатоля Ляўковiча ў якасьцi кандыдата ў дэпутаты “Палаты прадстаўнiкоў”, працягвае цiкавiцца справамi лiдэра мясцовых сацыял-дэмакратаў. Прычым гэтая цiкавасьць набывае дзiўныя рысы. Сябры выбарчае камiсіi зьвярнулiся да рэдакцыяў некаторых берасьцейскiх газэтаў з настойлiвай просьбаю паведамiць, цi атрымлiваў спадар Ляўковiч ганарары за публiкацыю сваiх артыкулаў. Матэрыялы Анатоля Ляўковiча, якi таксама ўзначальвае Берасьцейскую філію БГК, сапраўды зьмяшчалiся ў мясцовым друку. Але чаму менавiта ягоныя публiкацыi выклiкалi iнтарэс у выбарчай камiсіi i якое дачыненьне гэта мае да намераў спадара Ляўковiча балятавацца у “Палату прадстаўнiкоў”, застаецца загадкаю. Тым больш, што пра публiкацыi iншых вылучэнцаў, як зарэгiстраваных у якасьцi кандыдатаў, гэтак i тых, каму ў тым адмоўлена, сябры камiсіяў не пытаюцца… Сам Анатоль Ляўковiч, скарга якога на адмову рэгiстраваць яго ў якасьцi кандыдата 20 верасьня разглядаецца Цэнтарвыбаркамам, заявiў што выбарчая камiсія Берасьцейска-Цэнтральнай акругі №2 ў чарговы раз груба парушае закон. Раней гэтая камiсія, адмовiўшы лiдэру мясцовых сацыял-дэмакратаў, адначасова прыняла рашэньне працягваць спраўджваньне падпiсных лiстоў выбаршчыкаў, якiя вылучылi спадара Ляўковiча кандыдатам у дэпутаты (усяго ў акрузе было сабрана 7,5 тысячаў такiх подпiсаў). Згодна з Выбарчым кодэксам працэдуру праверкi можна праводзiць да моманту рэгiстрацыi, якая скончылiся 14 верасьня. На думку Анатоля Ляўковiча, сваiмi дзеяньнямi акруговая камiсія фактычна робiць усё, каб атрымаўся байкот выбараў у “Палату прадстаўнiкоў”. Ва ўсялякiм выпадку ў згаданай берасьцейскай акрузе ў цяперашняй сытуацыi гэта цалкам верагодна. Алег Супрунюк, Берасьце
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |