RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 20 Верасьня 2000

Сёньня



(эфір 19 верасьня)
Фэдэрацыя прафсаюзаў зьвярнулася да сваіх сябраў з заклікам супрацьстаяць спробам стварэньня ў Беларусі “дырэктарскіх” прафсаюзаў, як гэта адбываецца зараз у навукова-вытворчым аб’яднаньні “Інтэграл”. Нагадаем, паводле ініцыятывы ўладаў, на прамысловых прадпрыемствах краіны мяркуецца заснаваць самастойныя прафсаюзныя арганізацыі і, тым самым, разбурыць “зьнізу” галіновыя прафсаюзы.

Лідэры афіцыйных прафсаюзаў лічаць стварэньне самастойнай арганізацыі на “Інтэграле” расколам сваіх прафсаюзных шэрагаў. “Кішэнныя” прафсаюзы, сьцьвярджаецца ў Звароце Фэдэрацыі, разбураюць галіновы прынцып і наносяць удар па прафсаюзным адзінстве. Фэдэрацыя заклікала сваіх актывістаў да салідарных дзеяньняў з мэтаю супрацьстаяць адміністрацыйнаму гвалту ў краіне.

Уважліва сочаць за падзеямі на “Інтэграле” й прадстаўнікі дэмакратычных прафсаюзаў. Вось як пракамэнтаваў гэтыя падзеі нашаму радыё старшыня Свабоднага прафсаюзу Генадзь Быкаў:

(Быкаў: ) “Вялікая віна за тое, што адбываецца, ляжыць на кіраўніках гэтых прафсаюзаў. Былі размовы і з Генадзем Фядынічам, і з Аляксандрам Бухвоставым аб тым, што прафсаюзы, куды ўваходзяць наймальнікі на прадпрыемстве, дык тыя наймальнікі маюць вялікія рычагі ўплыву і кантралююць гэтыя прафсаюзныя арганізацыі. Прафсаюз ніколі ня будзе самастойным і незалежным, калі ў шэрагах прафсаюза будзе вось гэтая пятая калёна”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта пазытыўны працэс або неадназначны?…”

(Быкаў: ) “Справа вось у чым. Нас, мяне, як кіраўніка Свабоднага прафсаюза, цікавіць, каб на Беларусі існавалі буйныя, незалежныя ад улады прафсаюзы. Так што калі нашыя калегі з Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларускай зробяць нейкія высновы з таго, што адбылося, ёсьць шанц, што гэтыя прафсаюзы захаваюцца і будуць незалежнымі прафсаюзамі. Калі гэтага яны ня зробяць, у іх вельмі мала шанцаў, каб выжыць у гэтай сытуацыі”,

— мяркуе лідэр Свабоднага прафсаюзу Генадзь Быкаў.

Працэс стварэньня “дырэктарскіх” прафсаюзаў у Беларусі ужо атрымаў розгалас і ў міжнародных прафсаюзных колах. Гаворыць прадстаўніца амэрыканскае фэдэрацыі прафсаюзаў КПП-АФТ у Беларусі й краінах Балтыі Ёана Піларская:

(Піларская: ) “Разбураюцца галіновыя прафсаюзы — гэта адно, і яны абараняюць свае інтарэсы, што зразумела. Але самае галоўнае — гэта грубае парушэньне свабоды прафсаюзаў і ўсіх канвэнцыяў Міжнароднай арганізацыі працы. Бо прафсаюзы ствараюцца не дырэктарам, а паводле волі іхных сяброў — рабочых. Арганізацыі працоўных ствараюцца таксама ня ўладамі. Воля працоўных вызначае таксама й прынцып пабудовы прафсаюзаў. Гэта ўсясьветны досьвед. І яшчэ адзін ўсясьветны досьвед — аб’яднаньне працоўных паводле галіновага прынцыпу — гэта аб’яднаньне паводле штодзённых інтарэсаў.

Я супраць рэвалюцыйных разбурэньняў у надзеі на тое, што надыйдзе цуда і створыцца лепшае за тое, што разбурана. Лепш выпраўляць тое, што йснуе. Аднак, на мой погляд, у Беларусі ўжо няма месца структурам, якія называюцца прафсаюзамі: і структурам галіновым, і структурам негаліновым”, — лічыць прадстаўніца амэрыканскіх прафсаюзаў КПП-АФТ Ёана Піларская.

Міхал Стэльмак, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org