RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 20 Верасьня 2000

Сёньня:



(эфір 19 верасьня)
19 верасьня у Віцебску былі затрыманыя сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ Барыс Хамайда ды Ўладзімер Плешчанка. У цэнтры горада ля гэтак званага “Сіняга” дому яны ладзілі свае традыцыйныя несанкцыяваныя пікеты дзеля збору подпісау за незалежнасьць Беларусі.

А сёньня, акрамя гэтае задачы, спадары Плешчанка ды Хамайда выконвалі яшчэ адну: адкрыта прапагандавалі ідэі сваёй партыі сярод віцебскага люду, карыстаючы правам вольна выказвацца пад час перадвыбарчае агітацыйнае кампаніі.

Але віцебская міліцыя інтэрпрэтавала іхныя дзеяньні па-свойму. Старшына Пушкароў, заявіушы, што выконвае загад свайго кірауніцтва, прымусіу пікетоўцаў паехаць зь ім у Чыгуначны РАУС гораду Віцебска. У міліцэйскім пастарунку на Барыса Хамайду ды Ўладзімера Плешчанку склалі пратаколы затрыманьня з-за арганізацыі несанкцыяванага пікету. А пазьней на загад намесьніка начальніка Чыгуначнага РАУС Марзавіна міліцыянты перапісалі з падпісных аркушоў усе прозьвішчы віцяблянаў, якія такім чынам выказаліся за незалежнасьць. Затрыманым заявілі, што будзе праводзіцца спраўджаньне сапраўднасьці подпісаў, ды неўзабаве адпусьцілі.

Спадары Хамайда ды Плешчанка адзначаюць немагчымасьць ніякім чынам давесьці да грамадзкасьці нават элемэнтарную інфармацыю пра дзейнасьць КХП БНФ, ды ў гэткіх умовах лічаць сваім абавязкам працягваць пікетаваньне ў наступныя дні.

Браніслава Станкевіч, Віцебск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org