RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 20 Верасьня 2000

Сёньня:



Мінулі першыя тры месяцы дзейнасьці створанага ў сыстэме салігорскага трэсту “Шахтаспэцбуд” гаспадарча-разьліковага ўчастку, дзе выключна ўсе наёмныя работнікі ёсьць сябрамі Беларускага Незалежнага прафсаюзу. Як зазначае эканамістка ўчастку Тацяна Калода, зараз ейныя калегі выйшлі на самыя высокія ў трэсьце заробкі.

Гэтымі днямі бэтоншчыкі, мантажнікі ды прадстаўнікі іншых прафэсіяў гэтак званага прафсаюзнага ўчастку атрымалі за сваю працу ў жніўні ў сярэднім ад 90 да 110 тысячаў рублёў, што складае блізу 90–110 даляраў. Ці ў 2–2,5 разы болей, чым іхныя калегі з астатніх працоўных калектываў “Шахтаспэцбуду”.

Так скончыўся востры сацыяльны канфлікт, які тут усчаўся ўвесну, між сябрамі трэстаўскай арганізацыі Беларускага Незалежнага прафсаюзу, з аднаго боку, і кіраўніком “Шахтаспэцбуду” Валерыям Старцавым. Тады на патрабаваньне пярвічкі БНП наконт падвышэньня заробкавае платы спадар Старцаў адказаў: маўляў, калі вы такія разумныя, дык стварыце свой прафсаюзны ўчастак, а я пагляджу, якія-такія грошы вы здолееце зарабіць…

Лідэр суполкі БНП Мікола Жаўрыд і ягоныя калегі прынялі выклік адміністрацыі ды, у сваю чаргу, запрапанавалі Валерыю Старцаву падпісаць праэкт калектыўнага пагадненьня між будучым участкам і адміністрацыяй трэсту. Участак, у адрозьненьні ад іншых падобных вытворчых адзінак, меўся дзейнічаць на рынкавых прынцыпах самаакупнасьці ўсіх выдаткаў і выхаду на чысты прыбытак.

Кіраўнік трэсту пагадненьне падпісаў. Узначаліў прафсаюзны ўчастак лідэр арганізацыі Незалежнага прафсаюзу трэсту Мікола Жаўрыд, які меў досьвед працы прарабам.

Гаворыць Тацяна Калода, эканамістка ўчастку, якая, дарэчы, сюды прыйшла з пасады віцэ-старшыні Незалежнага Прафсаюзу:

“Мікалай Іванавіч сам паехаў у Ніжневартаўск, паехаў у Маладэчна, быў у Рэчыцы і заключыў пагадненьне на выкананьне пэўнага аб’ёму работ. …Ужо падходзяць к Жаўрыду інжынэры, майстры. І просяць яго прыняць на свой участак. Яны гатовы ўступіць у Незалежны прафсаюз, каб толькі быць разам з гэтай камандаю…

Хачу, дарэчы сказаць, што ў адміністрацыі трэсту ёсьць цэлая каманда спэцыялістаў, якія павінны займацца: і заключаць пагадненьні, і шукаць гэтыя аб’ёмы. Але дасюль на справе гэтага не было — а ні аб’ёмаў не было, а ні пагадненьняў не было. І пошуку не было. Атрымлівалі сваю заробкавую плату й ціха сядзелі. І толькі адзін Жаўрыд замяніў цэлую каманду. Сёньня спадар Старцаў ставіць яго ў прыклад, запрашае яго на нарады… Ёсьць зайздросьнікі. Зразумела, што яны будуць”, — зазначыла Тацяна Калода.

Зараз кіраўнік трэсту Старцаў падаў у Салігорскі гарадзкі выканкам дакумэнты на рэгістрацыю даччынога будаўніча-мантажнага прадпрыемства ў сыстэме “Шахтаспэцбуду”. Неўзабаве ўчастак Незалежнага прафсаюзу стане самастойнай юрыдычнай асобаю.

Алесь Мікалайчанка, Салігорск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org