RFE/RL |
Серада, 20 Верасьня 2000 |
Сёньня: |
Аляксандар Лукашэнка днямі даручыў ураду праз год давесьці сярэдні заробак беларусаў да 100 даляраў на месяц. Гэтым самым ён прызнаў надзвычай нізкі ўзровень жыцьця ў краіне. На сёньня каля паловы беларусаў жыве менш чым на адзін даляр у дзень, што лічыцца ў сьвеце ўзроўнем галечы. Кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку ў Беларусі Сяргей Кулік паведаміў, што на чарговым штогадовым сходзе МВФ і Ўсясьветнага банку напрыканцы верасьня ў Празе будзе разглядацца даклад пра ўзровень беднасьці ў сьвеце. Згодна з мэтодыкамі Ўсясьветнага банку на падставе афіцыйнае статыстыкі й вывучэньня хатніх гаспадарак праблема беднасьці была вывучаная і ў Беларусі. Пра вынікі гаворыць кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку Сяргей Кулік: “Паводле нашых зьвестак, у першай палове 2000 году адсотак жыхароў у Беларусі, якое жыве менш чым на 1 даляр у гарадзкіх раёнах складала 44 адсоткі, у сельскіх — 52,7 адсоткі”, — паведаміў кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку ў Беларусі Сяргей Кулік. Паводле ягоных словаў, у цэлым колькасьць бедных у краінах былога СССР за апошнія дзесяць гадоў вырасла ў 10 разоў. Хаця ён і зазначыў, што нельга перабольшваць дабрабыт людзей у час позьняга СССР. Міністар эканомікі Беларусі Ўладзімер Шымаў лічыць гэтыя ацэнкі неадэкватнымі рэчаіснасьці, паколькі ня ўлічваюцца пры гэтым нізкія кошты грамадзкага транспарту, камунальных паслугаў ды іншага. На ягоную думку, з эканамічнага пункту гледжаньня няслушны наўпросты перавод даходаў людзей паводле афіцыйнага курсу й супастаўленьне іх зь іншымі краінамі. Заўсёды ўжываецца паняцьце парытэту пакупніцкае здольнасьці ды на ягонае падставе робіцца выснова пра дабрабыт людзей тае ці іншае краіны. Шымаў паведаміў, што вывучэньне праблемы даходаў у Беларусі праводзілася ў 93-м і 98-м гадох паводле гэткіх мэтодыкаў і вынікі былі іншыя, больш суцяшальныя. Гаворыць мінстар эканомікі Ўладзімер Шымаў: “Парытэт пакупніцкае здольнасьці лічыўся па набору тавараў з 1200 найменьняў. У першым выпадку агульны сярэдні даход быў вылічаны на 490, у другі раз — 510 даляраў у месяц”, — сказаў міністар эканомікі Шымаў. Паводле ягонага перакананьня людзі ў Беларусі жывуць лепш, чым у Расеі, Украіне ды іншых краінах СНД. Тым ня менш можна прызнаць, што Шымава абверг сам Лукашэнка, які 13 верасьня заклікаў урад змагацца зь беднасьцю жыхароў краіны й дамагчыся праз год сярэднямесячнага заробку 100 даляраў. У міністэрстве статыстыкі фактычна пацьвердзілі лічбы Ўсясьветнага банку. Як паведаміла супрацоўніца гэтага міністэрства Ірына Булгакава, мяжа беднасьці — гэта значыць, мінімальны спажывецкі бюджэт — у Беларусі цяпер складае 31 тысячу 276 рублёў. І менш гэтае сумы мае 44,4 адсоткі жыхароў нашае краіны. Валер Каліноўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |